Паводле статыстыкі Вярхоўнага Суда, штогод у краіне скасоўваюць больш за палову шлюбаў – 55 %. Гэтак, з 2022-га беларускія суды апрацавалі не меней за 90 тысячаў адпаведных пазоваў. Найчасцей разводзяцца тыя, хто мае няпоўнагадовых дзяцей.
«Чаму павялічваецца лічба, што на гэта можа ўплываць? Канеше, сацыяльныя прычыны, сацыяльныя ўмовы. Агульны ўзровень незадаволенасці жыццём, эканамічныя паказнікі, грамадска-палітычная сітуацыя», – распавядае пра прычыны такой сітуацыі дырэктарка Еўрапейскага інстытуту сучаснай псіхатэрапіі Ганна Матуляк.
У судах жа асноўнымі прычынамі рашэння разысціся сужэнцы называюць несумяшчальнасць характараў, адсутнасць агульных інтарэсаў ды кардынальна адрозныя погляды на будучыню. На другім месцы – хіба юрыдычнае афармленне таго, што і так ужо адбылося: сужэнцы доўгі час жылі асобна і ўрэшце пастанавілі ўладзіць фармальнасці. Пасля ідзе ўзаемная страта кахання і павагі. Апошнія два пункты – шкодныя звычкі ў аднаго з сужэнцаў, разам з сямейным гвалтам, і нявернасць партнёру.
,,«Тут галоўнае, што ў прынцыпе ў цывілізаваным свеце ў людзей ёсць магчымасць вольнага выбару – уступаць ці не ўступаць у шлюб і таксама ёсць магчымасць разводзіцца», – упэўненая гендарная даследніца Алена Агарэлышава.
У Сусветным рэйтынгу разводаў Беларусь – на чацвёртым месцы сярод краінаў з самым вялікім адпаведным паказнікам. Спрыяюць такой статыстыцы ў тым ліку даволі нескладаныя юрыдычныя працэдуры, патрэбныя для скасавання шлюбу – амаль 100 % пазоваў суды задавальняюць цалкам.
Агулам разводзяцца часцей у індустрыйна развітых дзяржавах. У большасці ж азіяцкіх і афрыканскіх краінаў сітуацыя іншая. Праз моцны рэлігійны складнік і абмежаванне правоў жанчын разводы там моцна стыгматызаваныя.
У нашай жа краіне ініцыююць скасаванне шлюбу найчасцей жанчыны – больш як у 70 % выпадкаў. Яны ж утрая часцей наведваюць судовыя паседжанні.
,,«Беларускі, як і жанычыны ў еўрапейскіх краінах, могуць сабе дазволіць папрасіць разводу і зразумець, што нават з дзецьмі яны будуць у стане пражыць і пракарміць сваю сям’ю. Я б лічыла гэта пазітыўным момантам», – кажа гендарная даследніца.
Акрамя ўласна разводаў, у свеце назіраецца тэндэнцыя да зніжэння і зарэгістраваных шлюбаў. Людзі ўсё часцей выбіраюць гэтак званыя партнёрскія стасункі. У шлюб уступаюць пазней, нярэдка ўжо пасля нараджэння супольнага дзіцяці. Паводле звестак на 2022-гі год, каля 20 % дзяцей у Беларусі нараджаліся па-за афіцыйным шлюбам. Такім чынам вялікі паказнік разводаў не тоесны дэмаграфічнаму крызісу. Не мае значнага ўплыву ён і на эканоміку.
Паводле Ганны Матуляк, патрэбнасць мець дзіця і патрэбнасць быць у шлюбе могуць існаваць паралельна. Калі ж казаць пра эфектыўную эканоміку, то чалавек, які знаходзіцца ў шчаслівых, задавальняючых адносінах на самой справе больш актыўны сацыяльна і больш прадуктыўны.
Паказнік разводаў адносна новых шлюбаў у Беларусі мог быць яшчэ большы, аднак амаль 20 % параў усё ж удаецца прымірыцца і спыніць працэс выхаду са шлюбу.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Уладзіслаў Корсак, «Белсат»