МУС абвесціў трэнаванні, неабходныя для «недапушчэння праяваў экстрэмізму і тэрарызму», бо «апаненты намагаюцца ізноў разгойдаць грамадска-палітычную сітуацыю». Аднак эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат», упэўненыя, што галоўная мэта іншая: працягваць застрашванне беларусаў, нягледзячы на пяты год рэпрэсіяў.
Вучэнні, што будуць трываць да 22 лістапада, ідуць пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова. Трэнаванні запланаваныя ў сталіцы, а таксама абласных і раённых цэнтрах.
«Праваахоўнікі прадэманструюць гатовасць да аператыўнага рэагавання на імаверныя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас электаральнай кампаніі. Мэта – недапушчэнне праяваў экстрэмізму і тэрарызму, уцягнення грамадзянаў у супрацьпраўныя дзеянні, спыненне парушэнняў грамадскага парадку», – паведамляе Telegram-канал МУС.
Ведамства папярэдзіла пра перасоўванне спецтэхнікі, перакрыцці дарог і ўжыванне піратэхнікі і папрасіла грамадзянаў «паставіцца з разуменнем да часовых нязручнасцяў.
Дзяржаўныя крыніцы таксама працытавалі дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які прымае ўдзел у камандна-штабных вучэннях. Ён заклікаў беларусаў не пужацца вайсковай тэхнікі і ўзброеных сілавікоў і заявіў, што ўсё робіцца планава дзеля «правярання гатовасці рэагавання на акты тэрарызму»:
«Аналіз абстаноўкі, што складваецца найперш вакол нашай краіны, кажа аб узмацненні тэндэнцыяў, звязаных з абвастрэннем грамадска-палітычнай абстаноўкі. Нашыя апаненты, перадусім за мяжою, аніяк не могуць супакоіцца, выкарыстоўваюць усе рычагі і магчымасці дзеля таго, каб паспрабаваць зноў разгойдаць грамадска-палітычную сітуацыю на тэрыторыі нашай Рэспублікі Беларусь».
Вальфовіч, зрэшты, адзначыў, што і без вучэнняў «сілы і сродкі, што залучаныя ў дзяржаўную сістэму рэагавання на акты тэрарызму і дзейнасць тэрарыстычных арганізацыяў, гатовыя да выканання сваіх задач», таму «нашыя грамадзяне могуць спакойна займацца сваімі справамі».

Прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар назваў гэтыя вучэнні паказухаю, што накіраваная на «іх электарат».
«Маўляў, усё пад кантролем, усё выдатна, мы бачым, што адбываецца, і гатовыя да любога развіцця падзеяў. Таксама гэта скіравана на людзей, якія супраць рэжыму Лукашэнкі: маўляў, што б вы ні рабілі, як бы вы ні спрабавалі змагацца, мы гатовыя, і гатовыя лепей за вас. Аднак варта разумець, што такая паказуха адбываецца не ўсюды. Немагчыма дзеля вучэнняў падняць увесь асабовы склад», – сказаў Жыгар у каментары «Белсату».
Ён мяркуе, што гэтыя вучэнні будзе шырока асвятляць прапаганда:
,,«Гэта выдатная інфармацыйная нагода, каб застрашаць беларусаў».
Каардынатар «Нашай Візіі» Вадзім Мажэйка ў размове з «Белсатам» адзначыў, што перад нібыта выбарамі ўлады намагаюцца мабілізаваць адміністратыўны рэсурс, і галоўная мэта трэнаванняў – «запужаць людзей, паказаць, што сілавікі гатовыя іх біць»:
«Бываюць прэвентыўныя затрыманні, гэтаксама бывае такое прэвентыўнае запужванне разгонам, нават калі асабліва няма чаго разганяць. Рэжым безумоўна будзе працягваць такую дзейнасць падчас гэтак званай перадвыбарчай кампаніі, каб нагнятаць атмасферу страху ў краіне».
На заўвагу, што гэтая атмасфера страху нагнятаецца ўжо пяты год і ўсё і так «закатанае ў асфальт», Мажэйка адказаў: «На жаль, з пункту гледжання рэжыму, рэпрэсіяў шмат не бывае». Паводле эксперта, пры цяперашнім узроўні пераследу разлічваць на прыстойны выгляд, а таксама на паўнавартасныя кантакты з Захадам не выпадае, таму – «згарэў сарай, гары і хата».
Да таго ж, як адзначыў аналітык, цяперашнія ўлады проста не могуць не спыніць пераслед, бо беларусы адмаўляюцца «перагортваць старонку»:
,,«Рэжым Лукашэнкі цудоўна бачыць пасля 2020 года, што пратэсты могуць узнікнуць самым нечаканым чынам, ён гэтага баіцца, таму рэпрэсіі і не спыняюцца. Мы фактычна так і не выйшлі пасля 2020 года на нейкае, як рэжым любіць казаць, перагортванне старонкі. Рэжым працягвае сядзець на штыках, на бясконцых рэпрэсіях і запужванні. Лукашэнку самому страшна спыніцца і пабачыць, а як яно – жыць у краіне, дзе ты ўсіх рэпрэсаваў шмат гадоў запар і як сябе будуць паводзіць людзі, калі пабачаць, што нешта магчыма».
Мажэйка падсумаваў, што «рэжыму страшна, і рэжым гэты страх пашырае на ўсё грамадства».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Сцяпан Кубік belsat.eu