Экалагічныя наступствы вайны не заканчваюцца ля межаў Украіны, падкрэслівае таварыства экалагічных арганізацыяў і экаактывістаў Беларусі «Зялёная сетка». У тысячны дзень вайны эколагі распавялі пра маштаб шкоды для прыроды і неабходнасць судзіць улады Беларусі і Расеі.
Ахоўныя загароды і платы на межах не спыняюць эрозіі глебаў, забруджвання паветра і вады, знішчэння флоры і фаўны, падкрэслівае «Зялёная сетка». Аб'яднанне захапляецца мужнасцю і стойкасцю сваіх украінскіх калег і выказвае салідарнасць у барацьбе за зялёную будучыню ўсяго рэгіёну.
Эколагі называюць шэраг наступстваў поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, якія адчувае на сабе ўвесь рэгіён, у тым ліку і Беларусь:
- рызыкі ядравай катастрофы падчас абстрэлаў энергасістэмы Украіны;
- мілітарызацыя памежных з Украінай тэрыторыяў;
- немагчымасць праводзіць сумесныя трансмежныя прыродаахоўныя дзеянні;
- дадатковыя выкіды СО2 у атмасферу, што пагаршае праблему адаптацыі да змянення клімату;
- скарачэнне фінансавання экаахоўных праграмаў у звязку з мілітарызацыяй эканомік краінаў рэгіёну.
«"Зялёная сетка" лічыць важным вызначыць у рамках спецыяльнага судовага разбору на міжнародным узроўні адказнасць усіх асобаў і бакоў, у тым ліку з кола нелегітымных уладаў Беларусі, якія, разам з уладамі РФ, датычныя да прычынення экалагічнай шкоды. Мы перакананыя ў неабходнасці прыцягнення іх да адказнасці і кампенсацыі шкоды Украіне ў поўным аб'ёме.
Знаходзячыся ў выгнанні ў выніку палітычнага пераследу, "Зялёная сетка" гатовая адстойваць на міжнародным узроўні неабходнасць аднаўлення прыроды і абароны экалагічных правоў народу Украіны, роўна як і абароны прыроды і правоў народу Беларусі», – гаворыцца ў заяве эколагаў.
Маштаб экалагічных разбурэнняў для Украіны і рэгіёну

Паводле звестак украінскай арганізацыі «Екодія», з пачатку вайны зафіксавалі больш за тысячу кейсаў нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю. Міністр абароны навакольнага асяроддзя Украіны ацаніў экалагічныя страты ад агрэсіі амаль на 2 трлн грыўняў (больш за $ 54 млрд).
Найбольш пацярпелымі рэгіёнамі сталіся: Днепрапятроўская, Данецкая, Запарожская, Мікалаеўская, Луганская, Харкаўская і Херсонская вобласці.
За 1000 дзён вайны прырода катастрафічна пацярпела. Эколагі падзялілі наступствы на пяць блокаў.
1. Забруджванне глебы
У выніку выбухаў ад артылерыйскіх абстрэлаў глеба руйнуецца, і ўрадлівы пласт замяняецца пяском і камянямі, што робіць рэкультывацыю складанай і дарагой.
Больш за 40 % тэрыторыі Украіны забруджваюць міны, што ўяўляе з сябе сур'ёзную пагрозу для сельскай гаспадаркі і экасістэмы.
2. Уплыў на водныя рэсурсы
Паводле ацэнак UNICEF, у пачатку канфлікту каля 1,4 млн украінцаў не мелі доступу да чыстай вады. А за першыя тры месяцы вайны было зафіксавана амаль 50 выпадкаў негатыўнага ўздзеяння на вадаёмы, улучна з забруджваннем і пашкоджаннем дамбаў.
Падрыў Кахоўскай ГЭС прывёў да ўцечкі ў Дняпро змазачных матэрыялаў, што можа змяніць экасістэму рэгіёну і прывесці да экалагічных катастрофаў.
Разбурэнне прамысловых прадпрыемстваў суправаджаецца некантраляваным пранікненнем таксічных рэчываў у глебу і ваду, выкідамі ў атмасферу.
3. Шкода для біяразнастайнасці
Падрыў Кахоўскай ГЭС прывёў да масавай гібелі рыбы і разбурэння водна-балотных угоддзяў, што негатыўна адбілася на папуляцыях вадаплаўных птушак. Заапарк у Новай Кахоўцы, паводле некаторых звестак, страціў амаль усіх сваіх жывёлінаў.
Існуе і пагроза прыродаахоўным тэрыторыям. Станам на красавік 2022 года, пад пагрозай былі 900 прыродаахоўных тэрыторыяў, уключаючы каля 200 аб'ектаў «Ізумруднай сеткі» і 14 аб'ектаў Рамсарскай канвенцыі.
Страты зазнаў запаведнік «Асканія-Нова»: падчас акупацыі шмат рэдкіх відаў жывёлы загінула, а тыя, што засталіся, выкарыстоўваліся як ежа для акупацыйных войскаў.
На дадатак, ваенныя дзеянні закранулі 3 млн га лесу, што прывяло да знішчэння месцаў пражывання жывёлінаў і птушак.
Больш як траціна лясоў Украіны была знішчаная, і некаторыя лясы страчаныя назаўжды.
4. Забруджванне атмасферы
Адзін пажар на нафтабазе можа выклікаць такое ж забруджванне, як увесь транспарт Кіева за месяц. Бывалі месяцы, калі фіксавалася больш за 20 узгаранняў на нафтабазах.
У 2017 годзе вайсковыя выкіды ў Еўразвязе былі роўныя выкідам 14 млн аўтамабіляў, што ў паўтара разу перавышае транспартныя выкіды ва Украіне ў мірны час. Пры гэтым Еўразвяз не вёў аніякіх баявых дзеянняў, гаворка ідзе пра вучэнні і абслугоўванне тэхнікі.
Выкарыстанне паліва для вайсковай тэхнікі таксама ўплывае на атмасферу. БТР расходуе да 130 л на 100 км, а танкі – да 500 л, што значна павялічвае выкіды вуглякіслага газу і іншых забруджвальнікаў.
5. Ускосныя наступствы
Назіраецца недахоп работнікаў у прыродаахоўных арганізацыях. Шмат хто быў прызваны на фронт або з'ехаў, што прывяло да спынення дзейнасці на 24 ахоўных тэрыторыях. З Беларусі рэпрэсіўнымі метадамі выгналі мноства экаахоўных арганізацыяў і ініцыятываў, заявілі экаактывісты.
Працягваецца ціск на прыродаахоўныя зоны, якія сталіся прытулкам для 15 тысяч уцекачоў, што стварае дадатковы ціск на экасістэмы.
Арсен Рудэнка belsat.eu