навіны

Украіна ўпершыню ўдарыла па Расеі ракетамі ЗША ATACMS

Стрэл ракетай ATACMS
Стрэл ракетай ATACMS. Фота: Wikimedia
podpis źródła zdjęcia

Сілы абароны Украіны ўпершыню ўдарылі па тэрыторыі Расеі ракетамі ATACMS, паведамляе «РБК-Україна» са спасылкай на крыніцу ў ЗСУ.

Атакаваны быў вайсковы склад у ваколіцах Карачава ў Бранскай вобласці.

«Сапраўды, упершыню выкарыстоўвалі ATACMS для ўдару па тэрыторыі РФ. Удар быў нанесены па аб'екце ў Бранскай вобласці», – сказала крыніца выдання і дадала, што аперацыя была паспяховая.

Генштаб Украіны таксама паведаміў пра атаку ў ваколіцах Карачава, аднак не згадаў пра зброю, якая пры гэтым выкарыстоўвалася.


Міністэрства абароны Расеі таксама пацвердзіла ўдар ATACMS.

Салдаты 3-га батальёну 321-га артылерыйскага палка праводзяць выпрабаванні тактычных балістычных ракет «ATACMS» на палігоне Уайт-Сэндс, штат Нью-Мексіко, ЗША. 14 снежня 2021 года Фота: John Hamilton / U.S. Army via AP / East News

Знак добры, але сітуацыю не зменіць. Эксперты аб дазволе біць углыб Расеі заходнімі ракетамі

Аналітыка

Кіраўнік Цэнтру процідзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка распавёў, што на складзе былі карэктаваныя авіябомбы, зенітныя ракеты, боепрыпасы да РСЗА, артылерыйскія боепрыпасы, у тым ліку паўночнакарэйскія снарады.

Склад месціцца за 130 км ад мяжы Украіны. Значыць, маглі выкарыстоўвацца ракеты ATACMS далёкасцю 165 кіламетраў. Максімальная далёкасць ATACMS складае каля 300 кіламетраў.

У кастрычніку склад ужо быў атакаваны дронамі. Генштаб ЗСУ тады паведаміў, што гэта створыць суперніку лагістычныя праблемы і знізіць яго наступальны патэнцыял.

Напярэдадні шэраг заходніх медыяў са спасылкамі на свае крыніцы паведаміў, што Злучаныя Штаты дазволілі Украіне біць ракетамі ATACMS углыб тэрыторыі Расеі. Некаторыя крыніцы адзначалі, што гэта тычыцца Курскай вобласці, дзе прысутнічаюць вайскоўцы КНДР, адпраўленыя ваяваць супраць Украіны.


Прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Пятро Алэшчук распавёў «Белсату», што накіраванасць супраць рэсурсаў КНДР лагічная, бо такім чынам ЗША спадзяюцца нанесці страты КНДР у Расеі, пасля якіх кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын адмовіцца ад падтрымання Расеі на такім глыбокім узроўні.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10