Міністры замежных справаў Злучанага Каралеўства, Італіі, Іспаніі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі, а таксама будучая кіраўніца вонкавай палітыкі Еўразвязу ў 1000-ы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне абмеркавалі актуальныя справы і паабяцалі працягваць падтрымліваць Украіну.
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі 19 лістапада прымаў у Варшаве міністраў замежных справаў Італіі, Нямеччыны і Францыі, а таксама будучую вярхоўную прадстаўніцу Еўразвязу ў замежных справах Каю Калас. Да спаткання дыстанцыйна далучыліся міністры замежных справаў Злучанага Каралеўства ды Іспаніі. На прэс-канферэнцыі пра гэтыя перамовы, як перадае «Polska Agencja Prasowa», Сікорскі запэўніў: Расею па-ранейшаму ўспрымаюць як адну з найсур’ёзнейшых пагрозаў не толькі Еўропе, але і свету.
«Мы пагадзіліся, што навязванне Украіне мірных рашэнняў, якія супярэчаць яе інтарэсам або не прымуцца яе грамадствам, негатыўна паўплывае на стабільнасць краіны, – казаў Сікорскі пра перамовы міністраў. – Сцэнары ўрэгулявання канфлікту і спынення расейскай агрэсіі мусяць быць выпрацаваныя ў цесным узаемадзеянні з украінскімі ўладамі».
Ён дадаў, што міністры падтрымліваюць захаванне санкцыяў супраць Расеі да таго часу, пакуль Расея не сыдзе з тэрыторыі Украіны і не кампенсуе выдаткаў на аднаўленне Украіны. Сікорскі назваў санкцыі інструментам, які аслабляе вайсковы патэнцыял Расеі ды ізалюе яе эканамічна, і заклікаў закрыць усе «дзіркі» ў дзейных санкцыях.

Як піша «Wprost», Сікорскі пачаў сустрэчу хвілінаю маўчання ў памяць пра ахвяраў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сікорскі назваў сустрэчу ў 1000-ы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне «яскравым сімвалам нашай салідарнасці і адзінства з украінскім народам, які рашуча і адважна бароніць сваю незалежнасць ад брутальных нападнікаў». Ён нагадаў, што апошнімі днямі бомбы і ракеты зноў падалі на ўкраінскую зямлю, а Уладзімір Пуцін працягваў забіваць украінцаў і слаць на смерць расейцаў.
,,«Мы не маем ілюзіяў: пуцінская Расея застанецца адною з самых сур'ёзных пагрозаў бяспецы не толькі для Еўропы, але і для сусветнага парадку, – сказаў Сікорскі. – Яе мэтай застаецца трывалае разбурэнне еўрапейскай архітэктуры бяспекі. Мы павінны рашуча супрацьстаяць імперскім амбіцыям [Пуціна]».
Паводле афіцыйнага анонсу, на сустрэчы абмяркоўвалі будучыню еўраатлантычных стасункаў, пабудову моцнай і абараназдольнай Еўропы, далейшае падтрыманне Украіны, еўрапейскія перспектывы для Грузіі і Малдовы. Сікорскі адзначыў, што сустрэча адбылася праз два тыдні па выбарах у Злучаных Штатах, а размовы міністраў паслужаць асноваю для распрацоўвання супольнага паслання новай амерыканскай адміністрацыі. Еўропа, казаў ён, мусіць «узяць на сябе больш адказнасці за сваю бяспеку», але не губляць заангажаванасці ЗША ў супольную бяспеку.
Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не раз гаварыў, што хоча спыніць вайну ва Украіне. Казаў нават, што зрабіў бы гэта «за 24 гадзіны». Як менавіта, Трамп не раскрываў; цяпер усе чакаюць, што ж ён напраўду зробіць. Словы Сікорскага пра «навязванне Украіне мірных рашэнняў» – гэта частая асцярога пра магчымы ціск Трампа на Украіну дзеля спынення вайны нават на расейскіх умовах.
Міністры разам з будучай кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі разгледзелі на варшаўскай сустрэчы ў тым ліку магчымасць павелічэння дапамогі Украіне ва ўмовах магчымага скарачэння гэтай дапамогі з боку ЗША, паведаміў Сікорскі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu