навіны

Пуцін падпісаў дакумент, які дапускае ядравы ўдар у адказ на агрэсію супраць Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міністэрства абароны РФ
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Пуцін 19 лістапада падпісаў Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядравага стрымлівання, у якой сярод іншага згадваецца Беларусь.

У дакуменце, апублікаваным на сайце Крамля, пазначана, што Масква «пакідае за сабой права» выкарыстаць ядравую зброю ў адказ на «ўжыванне супраць яе і (або) яе саюзнікаў ядравай і (або) іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расеі або Рэспублікі Беларусь як удзельнікаў Саюзнай дзяржавы з выкарыстаннем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу іх суверэнітэту і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці».


Нагадаем, 25 верасня на паседжанні Савету бяспекі Расеі было абвешчана пра абнаўленне ядравай дактрыны РФ. Пуцін сярод іншага паведаміў, што Масква «пакідае за сабой права» выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.


«З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту», – сказаў тады Пуцін.


Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка заявіў у каментары тэлеканалу «Россия 1», што асабіста ўдзельнічаў у працэсе абнаўлення ядравай дактрыны РФ.


Размешчаная ў Беларусі расейская тактычная ядравая зброя (ТЯЗ) можа быць выкарыстаная толькі з дазволу Крамля, вынікала з заяваў Лукашэнкі 8 кастрычніка ў Маскве перад паседжаннем Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД.


Пра тое, што ў выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстаць расейскую ТЯЗ з дазволу Масквы, заявіў 6 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў:


«[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расеі для выкарыстання размешчанай у Беларусі ТЯЗ. І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10