навіны

МУС назваў Беларусь «закладнікам сітуацыі» і абвінаваціў Захад у нежаданні ісці на дыялог

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы
podpis źródła zdjęcia

Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрый Назаранка сцвярджае, што ніводнай спробы наладзіць дыялог і знайсці развязанне праблемы на агульнай мяжы з боку заходніх краінаў не было.

Беларусь «не ёсць першапрычынай зыходу мігрантаў са сваіх дзяржаваў», яна, «па сутнасці, зрабілася закладнікам сітуацыі». Пра гэта заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрый Назаранка ў інтэрв’ю дзяржаўнаму выданню «СБ. Беларусь сегодня».


Асноўнымі прычынамі, «чаму людзі бягуць» са сваіх родных краінаў, чыноўнік назваў «эканамічныя, экалагічныя і гуманітарныя» праблемы.


Без выкаранення першапрычынаў незаконнай міграцыі, адзначыў чыноўнік, нельга «эфектыўна развязаць агульнасусветную праблему і знайсці выйсце з крызісу». Таму, робіць ён выснову, «дзеяць трэба толькі разам і Захаду, і Усходу, чаго на практыцы няма».


Намеснік міністра сцвярджае, што ніводнай спробы наладзіць дыялог і знайсці развязанне праблемы на агульнай мяжы з боку заходніх краінаў не было.


«Калі казаць пра загінулых, афіцыйная лічба такая: з 2021 года на мяжы Беларусі з ЕЗ загінулі каля 70 уцекачоў», – заявіў чыноўнік.


Назаранка згадаў пра праведзеную ў васьмі краінах аперацыю Еўраполу, у рамках якой польскія памежнікі затрымалі чальцоў міжнароднай злачыннай групы, што арганізавала канал нелегальнай міграцыі з РФ і Беларусі праз Польшчу ў краіны Заходняй Еўропы.


Больш за тое, намеснік міністра сцвярджае: «пакуль Еўразвяз робіць усё, каб не развязваць міграцыйнай праблемы», у той час як беларускі МУС «ва ўзаемадзеянні з іншымі сілавымі структурамі і ведамствамі робіць усё, каб спыніць каналы перамяшчэння нелегальных мігрантаў праз Беларусь».


Нагадаем, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. З пачатку 2024 года суседнія краіны Еўразвязу перадухілілі амаль 35 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Амаль 29 тыс. спробаў было зроблена на беларуска-польскай мяжы.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10