Аналітыка

Пад расейскімі сцягамі і (не) супраць Расеі: як у Абхазіі прэзідэнта скідалі

Пратэст супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй каля будынку парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News
Пратэст супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй каля будынку парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News
podpis źródła zdjęcia

У Абхазіі, рэгіёне, які Грузія лічыць сваёй часткай і незалежнасць якога афіцыйна прызнала Расея, адбыліся масавыя пратэсты супраць дамовы з Расеяй. Іх вынікам сталася адмова ад ратыфікацыі пагаднення і нечаканая адстаўка кіраўніка рэгіёну. Але гэтая антырасейскасць наўрад ці зменіць вектар развіцця рэгіёну.

Пратэсты ў Абхазіі ідуць больш як тыдзень – з 11 лістапада. Іх нагодай сталася падпісанне інвестыцыйнага пагаднення з Расеяй. Дакумент прадугледжвае шэраг ільготаў для расейскіх інвестараў (адносна выплаты мытаў, найму работнікаў, падключэння камунікацыяў), а таксама перадачу зямельных участкаў ва ўласнасць расейскім кампаніям.

Паводле ўладаў рэгіёну, гэта мае прыцягнуць расейскія інвестыцыі і паспрыяць развіццю мясцовай эканомікі. Але крытыкі заяўляюць: дакумент ставіць мясцовы бізнес у пройгрышныя ўмовы і падрывае нацыянальныя інтарэсы.

«Перадусім гэтае пагадненне разлічанае на вызваленне ад падаткаў да 25 гадоў для замежных алігархаў. Ільготы, прадугледжаныя пагадненнем, пачынаюць дзейнічаць пры інвестыцыях ад 2 млрд [расейскіх. – рэд. belsat.eu] рублёў. Навошта нам такія інвестыцыйныя праекты, якія чвэрць стагоддзя не будуць прыносіць у бюджэт ні капейкі?!» – заяўляў лідар апазіцыйнага Абхазскага народнага руху Адгура Ардзінба.

Эканаміст Ахра Арыстава казаў, што пагадненне «не ўлічвае бягучую сітуацыю даходаў бюджэту, не адпавядае інтарэсам Рэспублікі Абхазія, стварае ўмовы дыскрымінацыі нацыянальнага бізнесу і банкруцтва дзяржавы».

Ад захопу парламенту да ўцёкаў прэзідэнту

Тым не менш, 30 кастрычніка пагадненне было падпісанае. Яго праціўнікі заявілі, што зроблена гэта было з парушэннем заканадаўства – без папярэдняй згоды парламенту. 9 лістапада выявілася, што Крэмль да таго ж адхіліў абхазскія папраўкі да дакументу. Ратыфікаваць пагадненне планавалася 15 лістапада.

Пратэсты пачаліся ў ноч з 11 на 12 лістапада пасля затрымання ўладамі пяці апазіцыянераў. У адказ дэманстранты перакрылі тры ключавыя дарогі, якія вядуць у Сухумі, ды паспрабавалі ўварвацца ў будынак Службы дзяржаўнай бяспекі. Дарогі былі разблакаваныя толькі пасля таго, як затрыманых вызвалілі.
Сутыкненні дэманстрантаў і сілавікоў каля будынка парламента Абхазіі падчас акцыі пратэсту апазіцыі супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй каля будынка парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News
Сутыкненні дэманстрантаў і сілавікоў каля будынка парламента Абхазіі падчас акцыі пратэсту апазіцыі супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй каля будынка парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News

Але 15 лістапада, адначасова з адкрыццём сесіі парламенту, пратэсты аднавіліся. Іх удзельнікі аўтамабілем знеслі частку плоту каля парламенту і, закідаўшы сілавікоў яйкамі і бутэлькамі, уварваліся ў будынак парламенту і адміністрацыю прэзідэнта Аслана Бжаніі. У выніку ратыфікацыя дамовы была сарваная, а прэс-служба палітыка нават паабяцала адклікаць законапраект.

Сам прэзідэнт са сваёй аховай пакінуў сталіцу і з’ехаў у роднае сяло Тамыш за 40 кіламетраў ад Сухумі. Тым часам патрабаванне апазіцыі адмовіцца ад інвестыцыйнага пагаднення саступіла месца патрабаванням адстаўкі Бжаніі. Пратэстоўцы стварылі Каардынацыйную раду і паабяцалі заставацца ва ўрадавым комплексе, пакуль адстаўка не адбудзецца.

Палітык сыходзіць не хацеў. 16 лістапада ён падкрэсліў, што застаецца легітымным прэзідэнтам, і заявіў пра спробу дзяржаўнага перавароту. Пры гэтым у якасці ўмовы адстаўкі ён назваў вызваленне пратэстоўцамі захопленых будынкаў. У сваю чаргу апазіцыя пагадзілася на прапанову Бжаніі прызначыць выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы пасля свайго сыходу віцэ-прэзідэнта Бадру Гунба. Але ўмовай гэтага назвала роспуск ураду і прызначэнне прэм’ер-міністрам «нашага [апазіцыі. – рэд. belsat.eu] чалавека», «каб у выпадку вылучэння на выбарах чальца каманды Бжаніі не выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс».

Пры гэтым пратэстоўцы працягвалі ўтрымліваць урадавыя будынкі і дэмантаваць плот вакол парламенту. У выпадку невыканання Бжаніяй патрабаванняў аб адстаўцы каардынацыйная рада абяцала стварыць Часовы ўрад. Бжанія ж працягваў сустракацца з чыноўнікамі і даваць «канкрэтныя даручэнні чальцам СБ, якія датычацца перадухілення супрацьпраўных дзеянняў».

Увечары 18 лістапада адбыліся перамовы з удзелам віцэ-прэзідэнта, спікера парламента і лідараў апазіцыі, на якіх было дамоўлена працягваць перамовы «пасля невялікай паўзы».‍ А праз некалькі гадзінаў, уночы 19 лістапада, Бжанія заявіў пра сыход у адстаўку «ў мэтах захавання стабільнасці і канстытуцыйнага парадку ў краіне».

Людзі сабраліся каля будынку парламента падчас акцыі пратэсту супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй у Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News
Людзі сабраліся каля будынку парламента падчас акцыі пратэсту супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй у Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News

Як заяўляецца, адстаўка сталася вынікам дамоўленасці з апазіцыяй. Іншымі яе пунктамі ёсць вызваленне апазіцыяй урадавых будынкаў, адстаўка прэм’ер-міністра Анкваба і прызначэнне на яго месца Валерыя Бгангбу, які быў прэм’ерам у 2018–2020 гадах. Абавязкі прэзідэнта будзе выконваць віцэ-прэзідэнт Гунба.

Грузінская апазіцыя глядзіць на абхазаў

Пратэсты ў Абхазіі адбываюцца адначасова з пратэстамі ў Грузіі, дзе апазіцыя абвінавачвае кіроўную партыю «Грузінская мара» ў прарасейскасці і фальсіфікацыі выбараў. Аднак там поспехі апазіцыі значна меншыя. На гэтым тле дзейная апазіцыйная прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выказала салідарнасць з абхазскімі пратэстоўцамі. Паводле яе, «у акупаванай Абхазіі адбываецца спроба ўкараніць расейскае заканадаўства, чаму супрацьстаіць грамадзянская супольнасць».

Зняволены былы прэзідэнт Грузіі Міхеіл Саакашвілі таксама заявіў, што «абхазы зрабілі справу ўсёй Грузіі, заблакаваўшы каланізацыйны закон расейцаў». Аднак, паводле яго, у перамозе абхазаў ёсць небяспека таго, што «дэмакратычны свет адвернецца ад Грузіі ў цэлым і зверне свае сімпатыі на абхазаў, зрэшты гэта не пакідае нам шанцу на адступленне».

Пры гэтым кіроўную партыю Грузіі наадварот вінавацяць у маўчанні адносна сітуацыі ў Абхазіі.

Пратэст пад расейскімі сцягамі

Цікава, што ўдзельнікі акцыі пратэставалі супраць пагаднення з Масквой, але падкрэслівалі, што не выступаюць супраць РФ, неслі расейскія сцягі і скандавалі «Расея!». Хоць кіраўнік рэгіёну Бжанія і настойваў на антырасейскасці пратэстоўцаў, расейскія ж сцягі ён называе «крывадушшам»:

,,

«Вы звярніце ўвагу на тое, як некаторыя з іх выказваюцца на адрас Расеі і яе кіраўніцтва».


Паводле Бжаніі, Расея – адзіны стратэгічны партнёр, які аказвае вялікую дапамогу. Ва ўмовах адсутнасці міру з Грузіяй, сказаў ён, трэба абапірацца на Маскву. Але «дзеянні тых, хто хацеў здзейсніць дзяржаўны пераварот, нашы адносіны з Расіяй не палепшаць».

У МЗС Расеі заявілі, што «з заклапочанасцю» сачылі за падзеямі ў Абхазіі, якія «не спрыяюць прыцягненню замежных інвестыцый». У ведамстве паабяцалі не ўмешвацца «ва ўнутраныя працэсы ў Абхазіі», але ўсклалі віну на апазіцыйныя сілы, якія «не палічылі магчымым урэгуляваць рознагалоссі з законнай уладай краіны праз цывілізаваны ўзаемапаважлівы дыялог і выйшлі за рамкі прававога поля, справакаваўшы эскалацыю канфлікту».

Пра «найхутчэйшую нармалізацыю становішча» «ў абсалютна канстытуцыйным рэчышчы» казаў і прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Што цікава адстаўка Бжаніі адбылася праз некалькі гадзін пасля таго, як Пуцін перадаў яму запрашэнне наведаць Маскву на 9 траўня 2025 года. Хоць гэта і выглядала, як тое, што Крэмль зрабіў стаўку ўсё ж на дзейнага кіраўніка рэгіёна. Магчыма, гэта была не стаўка, а чорная метка кіраўніку рэгіёну, які не здолеў увесці важнае для Масквы пагадненне.

Тым больш, як адзначае палітолаг Уладзімір Джарала, абхазы не збіраюцца адварочвацца ад Расеі, бо «выдатна разумеюць, што ў гэтым выпадку гаворка пойдзе пра аднаўленне канфлікту з Грузіяй». Паводле яго, нягледзячы на вонкавае ўражанне, апазіцыя «таксама за расейцаў, таксама за Маскву».

Праўда, «НЕЗЫГАРЬ» мяркуе, што абхазскія эліты імкнуцца збліжацца з Турэччынай, якая «можа стварыць экасістэму, зняць праблемы з Грузіяй і забяспечыць плынь грошай».

,,

«Трэба прымірыцца, што Абхазія сыходзіць ад Расеі, як сышлі Азербайджан і Арменія. Пры захаванні вонкавых фішак сяброўства, але страты рэальнага ўплыву Крамля на Баку і Ерэван», – піша тэлеграм-канал.


Адстаўка прэзідэнта як традыцыя

Пратэсты для Абхазіі не ёсць нечым рэдкім, як і адстаўка кіраўнікоў. Гэтак, у 2014 годзе ў выніку пратэстаў мусіў сысці з пасады прэзідэнта Аляксандр Анкваб (з 2020 года ён з’яўляецца прэм’ер-міністрам), а ў 2020 годзе ўжо Бжанія дамогся адстаўкі свайго папярэдніка Рауля Хаджымбы.

Палітолаг Артур Атаеў адзначаў у Бжаніі, у адрозненне ад Анкваба і Хаджымбы, палітычную волю супраціўляцца, асабліва з улікам таго, што фактычна ажыццяўляў уладу са свайго сяла, тады як апазіцыя кантралявала толькі ўрадавы квартал у Сухумі. Таксама і старшыня камітэта Дзярждумы ў справах СНД Леанід Калашнікаў меркаваў, што Бжанія, не гатовы «нават размаўляць з людзьмі», будзе «шукаць іншыя шляхі ў сваёй дзяржаве, як улагодзіць невялікую колькасць людзей».

Прыхільнікі апазіцыі спілавалі раней прабіты плот падчас акцый пратэсту каля будынка парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / Ilya Pitalev / Imago Stock and People / East News
Прыхільнікі апазіцыі спілавалі раней прабіты плот падчас акцый пратэсту каля будынка парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / Ilya Pitalev / Imago Stock and People / East News

На думку Атаева, захоўвалася нават пагроза збройнага супрацьстаяння, бо «большасць мужчынскага насельніцтва рэспублікі, уключаючы эліту, ваявалі ці ўмеюць абыходзіцца са зброяй». На думку тэлеграм-каналу «АБХАЗИЯ-ЦЕНТР», у гэтае супрацьстаянне нават магла ўмяшацца Расея, бо ва ўмовах вайны ва Украіне «перакінуць пару батальёнаў (за адпаведнае фінансавае ўзнагароджанне) і паспрабаваць імі „навесці парадак“ не складае вялікай цяжкасці».

Аднак фактычна Бжанія сышоў у адстаўку ўжо праз тыдзень, нашмат раней, чым Анкваб у 2014 годзе. У выніку, падкрэслівае «АБХАЗИЯ-ЦЕНТР», бягучыя пратэсты ў Абхазіі – гэта не «нейкі нябачаны, унікальны ўзор дэмакратыі», а наадварот «прыклад крайняга заняпаду асноваў дзяржавы». Паводле яго, афіцыёз і апазіцыя «20 гадоў падобна крылоўскаму квартэту мяняюцца месцамі», а «дзесьці на задворках стомлены народ, які ўжо даўно на ўсё махнуў рукой».

Аляксандр Лукашэнка і Аслан Бжанія глядзяць выступ абхазскага танцора. Піцунда, Грузія. 28 верасня 2022 года. Фота: apsnypress.info

Як Лукашэнка атрымаў участак у Абхазіі пад раскошны гатэль. Расследаванне «BELPOL», «Белсату» і БРЦ

навіны

Лукашэнкаўскі след у Абхазіі

Адзначым, што расейскія інвестары — не адзіныя, каму падабаецца зямля ў Абхазіі. Не супраць яе і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Менавіта пры Бжаніі, у верасні 2022 года, ён упершыню і даволі нечакана наведаў Сухумі і правёў там сустрэчу з мясцовымі ўладамі. А ў лютым 2023 года ўжо сам Бжанія лятаў у Менск, дзе сустракаўся з Лукашэнкам. Чарговая абхазская дэлегацыя наведвала Беларусь у кастрычніку мінулага году.

Як сведчыць супольнае расследаванне «BELPOL», «Белсату» і «Беларускага расследвальніцкага цэнтру», «раптоўны» візіт у Абхазію не быў спантанным. Ён атрымаў участак на беразе Чорнага мора, дзе за кошт беларускага бюджэту збіраецца збудаваць раскошны гатэль, у абмен на нявыкананае абяцанне ўзаемавыгаднага гандлю або «напаўпрызнанне» Абхазіі.

І вось цяпер, пасля адстаўкі Бжаніі і пратэстаў супраць інвестыцыйнага пагаднення з Расеяй, пытанне далейшага лёсу дамоўленасцяў Менску і Сухумі застаецца адкрытым.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10