Увечары 18 лістапада пратэстоўцы ў цэнтры Тбілісі пачалі ўсталёўваць барыкады ды заявілі, што акцыя працягнецца, паведамляе тэлеграм-канал Мікалая Леўшыца.
Барыкады робяць з мяшкоў з пяском і урнаў для смецця, каб больш эфектыўна перакрыць вуліцы. Содні таму, увечары ў нядзелю пратэстоўцы пачалі таксама ўсталёўваць намёты на адной з галоўных развязак грузінскай сталіцы каля Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэту: на скрыжаванні праспектаў Чаўчавадзэ і Мелікішвілі і на пад'ёме Варазісхеві.
Мінулая ноч прайшла спакойна, паліцыя не разганяла пратэстоўцаў. На дадзены момант на праспекце ўстаноўленыя каля 30 намётаў.


Адзін з лідараў «Кааліцыі за перамены», якая набрала 11% галасоў на выбарах паводле афіцыйных вынікаў, Ніка Мелія паведамляў, што акцыя пратэсту, якая распачалася ў нядзелю, працягнецца 24 гадзіны. Цяпер ён заяўляе, што мітынг працягнецца, на які тэрмін – не ўдакладняе.
Пратэстоўцы і апазіцыйныя партыі высоўваюць адзінае патрабаванне – новыя выбары ў Парламент Грузіі.


Дзейная прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што краіна знаходзіцца пад пагрозай праз бягучую нестабільную сітуацыю, а таксама прапанавала план выхаду з крызісу: правядзенне новых выбараў з абноўленым складам ЦВК і з папраўкамі ў Выбарчы кодэкс паводле рэкамендацыяў АБСЕ. Да гэтага часу, паводле Зурабішвілі, трэба захаваць стары склад парламенту, абраны ў 2020 годзе.
Прэзідэнтка Грузіі таксама плануе падаваць пазоў у Канстытуцыйны суд праз парушэнне прынцыпаў усеагульнасці таямніцы галасавання на мінулых выбарах.
,,«Краіне пагражаюць сур’ёзныя небяспекі. Адна з іх – дэстабілізацыя. Яна можа паследаваць за двоеўладдзем і паглыбленнем палярызацыі. За палітычнай можа паследаваць і вонкавая дэстабілізацыя. Пагроза расце, калі краіна абірае ізаляцыю, што ўласціва цяперашняму ўраду. Як прэзідэнтка, я не магу гэтага дапусціць», – сказала Зурабішвілі.
Еўразвяз паведаміў, што замест уладаў і дзяржаўнага бюджэту Грузіі, перадасць 100 мільёнаў еўраў прадстаўнікам некамерцыйных і грамадскіх арганізацыяў. Пра гэта заявіў Вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль. Ён таксама паабяцаў грузінскаму народу падтрымку ў барацьбе за справядлівыя выбары.
,,«Відавочна, што пытанне Грузіі – гэта тое пытанне, якое сёння абмяркоўваюць усе. Павінны быць прынятыя канкрэтныя рашэнні. Мая прапанова – прыпыніць падтрымку значнай часткі праграмаў, кірункам якіх былі грузінскія ўлады. Будзе замарожана 100 мільёнаў еўраў, і замест таго, каб пайсці на падтрымку грузінскай улады, гэтыя сродкі будуць накіраваныя арганізацыям грамадзянскай супольнасці. То бок, мы возьмем гэтыя грошы, больш за 100 мільёнаў еўраў, і аддамо арганізацыям грамадзянскай супольнасці з мэтай іх падтрымкі ў барацьбе за сумленныя выбары. Еўразвяз працягне падтрымліваць грузінскі народ».
Еўразвяз мае намер накіраваць у Грузію спецыяльную місію. Працэс еўраінтэграцыі краіны прыпынены.
Першае паседжанне Парламенту Грузіі новага склікання плануецца правесці 25 лістапада 2024 года.
Парламенцкія выбары прайшлі ў Грузіі 26 кастрычніка. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, перамагла кіруючая партыя «Грузінская мара» – яна атрымала 53,93% галасоў і 89 мандатаў у Парламенце. Апазіцыйныя партыі заявілі, што выбары былі сфальсіфікаваныя, і адмовіліся прымаць свае дэпутацкія мандаты ды заклікалі нязгодных грузінаў распачаць пратэсты да правядзення новых выбараў.
Міжнародныя назіральнікі таксама ўказвалі на парушэнні падчас выбараў – выпадкі запужвання і подкупу выбарнікаў, ціску на дзяржслужачых, «каруселяў» і ўкіду бюлетэняў. ЗША і краіны Еўразвязу заклікалі расследаваць магчымыя фальсіфікацыі і ўмяшальніцтва ў выбары ў Грузіі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu