Дырэктарка кампаніі Святлана Шчатко і ейны намеснік Павел Аўчароў, паводле выдання REFORM.news, – у следчым ізалятары. Пасля правярання Дзяржаўнага кантролю затрымалі і іншых топ-менеджараў кампаніі, якія працуюць на братоў Карычаў. Чым перакаджаюць уладам тыя, каго называюць гаманцамі Лукашэнкі, запыталі ў адмыслоўцаў.
Пахаладанне стасункаў з сербскімі партнёрамі пачалося летась. Тады Аляксандр Лукашэнка публічна загадаў разабрацца з забудоўнікам, якому раней даваў зялёнае святло на буйныя інвестыцыйныя праекты ў сталіцы:
«Пайшлі скаргі на "Дана Астра". Вы разбярыцеся, чаму людзі скардзяцца. Няхай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь - няхай працуюць, як трэба. Каб на іх людзі не крыўдзіліся. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі».
У агенцтве нерухомасці «Бір Бай», якое ўваходзіць у будаўнічы холдынг, затрыманне топ-менеджараў «Дана Астра» нашаму тэлеканалу не пацвердзілі, але і абвяргаць не сталі.
Вядома, што двух менеджараў – Мілана Ракочэвіча і Вібара Муліча – адпусцілі на волю. Апошні нават сказаў, што пасля праверак Дзяржкантролю ў кампаніі «складанасцяў няма». Але даваць падрабязнасці пра тое, з чым жа звязанае затрыманне, не стаў.
Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч лічыць, што гэта практычнае выкананне, дзе бываюць нейкія шарахаватасці:
,,«Яны могуць выклікаць незадаволенасць Аляксандра Лукашэнкі. Але гэтую незадаволенасць, можа быць, даручана выказваць акурат сілавікам».
Пытанняў да кампаніі «Дана Астра» было і застаецца шмат, асабліва сярод тых, хто набываў іх нерухомасць.

Людзі чакалі кватэраў высокага ўзроўню, але сутыкаліся з няякаснай забудовай. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч, які раней быў адным з пастаўнікоў будаўнічых матэрыялаў для братоў Карычаў, падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі:
«Мы назіралі, як менеджмент заўсёды ставіўся да гэтых аб'ектаў, як да будаўніцтва на акупаваных тэрыторыях. Заўсёды былі мінімальныя патрабаванні ў якасці, і ўвогуле можна казаць, што іх не было. Заўсёды на першым плане была цана. Цана, цана, цана! Як мага ніжэй, танней, і таму ў выніку мы мелі вось такія нізкаякасныя забудовы».
Паводле ж урбаніста, аўтара YouTube каналу «Фактар гораду» Данііла Аленіюса, пра тое, як адбывалася забудова комплексу «Менск-Свет», улады ў Беларусі добра ведалі:
,,«Гэта непасрэдна дзяржаўнае лабіяванне. Раён "Менск-Свет" трапіў пад указ аб так званым эксперыментальным будаўніцтве, які скасоўвае ўсе правілы і нормы будаўніцтва бяспечных, звычайных дамоў, якія ёсць у Беларусі. То бок там ГОСТЫ і СНІПЫ могуць не працаваць так, як гэта ў іншай Беларусі».
У 2019 годзе ў праграме «Давайце разбірацца» на «Белсаце» нашыя калегі высветлілі, што сувязі сербскіх бізнесоўцаў з уладамі ў Беларусі забяспечвалі ім падатковыя льготы і бясплатную зямлю. З таго часу «Дана Астра» неаднаразова трапляла ў суды за няякасныя паслугі, толькі ў 2023 годзе было зарэгістравана 47 судоў аб абароне правоў спажыўцоў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Руслан Ігнатовіч, «Белсат»