навіны

Выбар у крамах збяднее: цэны зазналі больш жорсткі кантроль

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Улады вызначылі для вытворцаў максімальны рост коштаў да канца года, яшчэ мацней перакрыўшы кісларод прадпрыемствам. Для спажыўцоў гэта будзе азначаць, з аднаго боку, не такі дарагі навагодні стол, а з іншага – пагрозу змяншэння асартыменту, растлумачыла «Белсату» эканамістка Настасся Лузгіна.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выпусціла пастанову, што датычыць коштаў, паводле якіх вытворцы прадаць сваю прадукцыю. Раней прадпрыемствы маглі абгрунтаваць неабходнасць павышэння цаны, і чыноўнікі, калі пагаджаліся з гэтымі аргументамі, давалі на гэта дазвол. Цяпер жа аніякія аргументы не прымаюцца: у кастрычніку вытворцам дазволена павысіць свае кошты на 3,2 %, у лістападзе – на 3,3 %, а ў снежні – на 3,5 % у параўнанні з леташнім снежнем.


Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна сказала «Белсату», што гэтай захадай улады імкнуцца кроў з носу дасягнуць прагнознага паказніка інфляцыі ў 6 %:

,,

«Галоўная задача – не дапусціць росту цэнаў вышэй за прагноз, ну і ў тым ліку для таго, каб перад выбарамі прыгожа ўсё паказаць. А тое, што толькі на тры месяцы, – таму, што яны там плануюць уводзіць новае рэгуляванне. То бок штучнае стрымліванне цяпер, каб налета запускаць нешта новае, што яны там надумаюць».


Экспертка мяркуе, што сур’ёзных наступстваў менавіта гэтая пастанова мець не будзе, хаця насамрэч дазволіць стрымаць цэны ў часы перадсвяточных ліхаманкавых пакупак. Аднак жа асартымент можа збяднець:
,,

«Попыт расце ў людзей перад Новым годам, адпаведна, вось гэтая пастанова можа ў пэўнай ступені паўплываць на прапанову, то бок асартымент можа крыху сціснуцца і быць не такім, якім бы ён быў без такіх жорсткіх пастановаў. У гэтым выпадку мэта – не забяспечыць рынак максімальна, а штучна ўтрымаць цэны».


У астатнім жа цяперашняя захада проста зробіць унёсак ва ўжо вядомыя праблемы вытворцаў, якія вымушаныя за свой кошт фінансаваць папулісцкую «хацелку» дзяржавы. Напрыклад, для прадпрыемства даражэюць неабходныя для вытворчасці дэталі або патрабуецца павысіць заробкі работнікам, каб тыя не разбегліся, – а ўзяць неабходныя для гэтага грошы праз павышэнне цэнаў немагчыма. Таму даводзіцца ашчаджаць на мадэрнізацыі або адмаўляцца ад пашырэння бізнесу, скарачаць іншыя выдаткі.


«За два месяцы, што засталіся, мы наўрад ці нешта катастрафічнае пабачым. Аднак інфляцыйны навес нікуды не знікае, ён можа яшчэ крыху павялічыцца з улікам такіх жорсткіх дадатковых пастановаў. Гэта вельмі жорсткія захады, аднак, канешне, іх ухвалілі ненадоўга», – адзначыла Лузгіна.


Інфляцыйны навес азначае, што цэны ўсё адно растуць, толькі спажыўцы ў крамах гэтага не бачаць, і што кошты пакажуць свой сапраўдны твар, калі іх адпусціць на волю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Беларусы заўважылі рост цэн, але настроены аптымістычна Аналітыка

Дарэчы, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў падпісаў пастанову 5 лістапада, апублікавалі яе 16 лістапада, і ў гэты дзень дакумент набыў моц. Аднак у ім ідзецца пра дазволены рост цэнаў і ў кастрычніку, што ўжо мінуў. Суразмоўніца «Белсату» прызналася, што не разумее, як можна было ў кастрычніку выканаць пастанову, ухваленую цяпер, у лістападзе:


«Шчыра кажучы, гэта да іх пытанне, як улады будуць гэта развязваць. Вялікае пытанне, чаму яны і кастрычнік яшчэ зачапілі. А калі нехта ў коштах вырваўся наперад, яны што, штрафаваць будуць?»


Падобна, гэта не апошнія змены ў аўтэнтычным беларускім цэнаўтварэнні: міністр Багданаў раней анансаваў новую сістэму рэгулявання коштаў, якая, імаверна, запрацуе налета. Паводле чыноўніка, пры мінімальным умяшанні дзяржавы цэны будуць даступнымі, а ўнутраны рынак – насычаным.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10