Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская 18 лістапада распачала працоўны візіт у Эстонію.
Абраная прэзідэнтка Беларусі выступіла з прамовай у Інстытуце Скайтэ падчас лекцыі «Беларусь пасля 2020 года».
Ціханоўская звярнула ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на тое, што нават у складаны час беларусы захоўваюць маральны суверэнітэт і працягваюць змагацца за сваю ідэнтычнасць і еўрапейскую будучыню.
,,«Сёння Беларусь зноў, як і сто гадоў таму, знаходзіцца пад паўзучай акупацыяй. Але не варта памыляцца: большасць беларусаў выступае супраць вайны. Большасць хоча свабоды і еўрапейскай будучыні. Мы проста сталі закладнікамі імперскіх амбіцыяў. <…> Беларускі народ працягвае змагацца за нашую краіну, нашую ідэнтычнасць і нашую еўрапейскую будучыню», – сказала Святлана Ціханоўская.

Беларуская лідарка нагадала, што дэмакратычныя сілы цяпер ствараюць інстытуты, «якія будуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой», наладжваюць дачынені з замежнымі дзяржавамі: нядаўна падпісалі пагадненні з Еўрапарламентам, пачалі стратэгічны дыялог з ЗША.
Акрамя таго, рыхтуюцца рэформы для новай Беларусі.
«Мы ўжо распрацавалі новую Канстытуцыю, эканамічныя, палітычныя і судовыя рэформы», – зазначыла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі.
Святлана Ціханоўская запэўніла, што ейны офіс і АПК займаюцца ўмацаваннем беларускіх медыяў, а таксама нацыянальнай ідэнтычнасці «праз літаратуру, папулярызацыю беларускай мовы і нашай гісторыі праз усе магчымыя платформы».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu