Шэраг заходніх аўтарытэтных СМІ са спасылкамі на свае крыніцы паведамілі пра тое, што ЗША дазволілі Украіне біць па тэрыторыі Расеі ракетамі «ATACMS», а Вялікабрытанія і Францыя – «Storm Shadow». Гэта мала зменіць сітуацыю на фронце цяпер, але можа быць добрым знакам для Украіны на будучыню, лічаць эксперты.
Першымі 17 лістапада аб пастанове прэзідэнта ЗША Джо Байдэна дазволіць Украіне біць па Расеі ракетамі «ATACMS» паведамілі «New York Times» і «Washington Post». Пазней пра гэта паведамілі CNN, CBS і «Reuters». Французскае выданне «Le Figaro» напісала, што такое ж рашэнне прынялі Францыя і Вялікабрытанія ў дачыненні да ракет «Storm Shadow».
Афіцыйных пацверджанняў не было. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў толькі:
,,«Шмат хто ў медыях кажа, што мы атрымалі дазвол на адпаведныя дзеянні. Але ўдары наносяць не словамі. Такія рэчы не анансуюць. Ракеты самі за сябе скажуць. Абавязкова».
Негатыўна адрэагаваў на навіны Дональд Трамп-малодшы, чый бацька Дональд Трамп неўзабаве зойме пасаду прэзідэнта ЗША.
«Ваенна-прамысловы комплекс, падобна, хоча быць упэўненым, што пачнецца трэцяя сусветная вайна, перш чым у майго бацькі з'явіцца шанец усталяваць мір і выратаваць жыцці», – адзначыў сын палітыка.
Ракеты – гэта добра, але іх мала
Былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак лічыць, што дазвол выкарыстоўваць «ATACMS» і «Storm Shadow» – добрая навіна, але не зменіць сітуацыю на фронце.
«ATACMS» – гэта тактычныя балістычныя ракеты, якія запускаюцца з зямлі. Яны могуць мець розную далёкасць. Максімальная – каля 305 км.
«Storm Shadow» – авіяцыйная крылатая ракета, якую Украіна змагла адаптаваць пад бамбавікі Су-24. Далёкасць удару складае 560 км, аднак на экспарт пастаўляюцца ракеты з далёкасцю да 290 км.
Яны добрыя, але іх колькасць абмежаваная, падкрэслівае суразмоўца «Белсату».

«Іх будзе 20 –30, а трэба 1000 штук і адсутнасць якіх-небудзь лімітаў і забаронаў, каб змяніць сітуацыю на фронце. На жаль, такога не будзе», – кажа Ступак.
Напрыклад, тых «Storm Shadow», якія Вялікабрытанія ўжо пастаўляла Украіне, таксама было дзясяткі, адзначае ён.
«Гэта высокадакладная зброя. Да гэтага была такая догма ў краін Захаду: “Як мы будзем ваяваць? У нас ёсць высокадакладная зброя – яна трапляе ў 20 – 30 аб'ектаў, потым туды адпраўляецца спецназ і мы перамаглі ўсіх". Кожная ракета каштуе мільёны долараў. І гэта доўгая вытворчасць, гэта трэба абгрунтаваць падаткаплатнікам. Гэта значыць усё нашмат цяжэй, чым у Расеі. Ніхто проста не думаў, што так шмат ракет трэба будзе», – працягвае Іван Ступак.
Што тычыцца «ATACMS», то іх у ЗША каля 4 тысяч. Аднак яны могуць быць у розным стане. Каля 1,5 тысяч з іх новыя.
Эксперт сумняецца, што Украіна будзе мець «ATACMS» з найбольшай далёкасцю. Увосень 2023 года Украіна атрымала «ATACMS» далёкасцю 165 км. Вясной 2024 года былі паведамленні, што ЗША таемна пастаўлялі і ракеты з далёкасцю каля 300 км.
Акрамя таго, ананімныя крыніцы заходніх СМІ паведамлялі, што дазвол на выкарыстанне ракет для ўдараў па Расеі – адказ на тое, што КНДР адправіла ў Курскую вобласць сваіх вайскоўцаў. Адпаведна, удары могуць быць толькі па Курскай вобласці.
«А патрэбны Растоў, Белгарад, Бранск, Варонеж, але, на жаль, гэтага няма. А па Крыме можна біць па змаўчанні? Так, гэта будзе плюс – сотня знішчаных расейскіх танкаў, тысяча – дзве забітых жаўнераў, але канцэптуальна сітуацыя не зменіцца. Можа забуксаваць расейскі наступ у Курскай вобласці, але я вельмі скептычна да гэтага стаўлюся», – працягвае Іван Ступак.
Украіна даўно прасіла ў заходніх краін дальнабойныя ракеты. Суразмоўца лічыць, што, калі паведамленні крыніц СМІ адпавядюць рэчаіснасці, то цяпер гэта магло стаць магчымым праз тое, што Украіна дала дакладны спіс аб’ектаў, па якіх хацела б біць.
«Абмеркаванне было некалькі месяцаў. Мяркую, што ўчорашні масавы абстрэл Украіны па інфраструктуры, па энергетыцы паўплываў. Аднак афіцыйных пацверджанняў пакуль няма», – кажа Іван Ступак.
ЗША стрымліваюць КНДР?

Прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта Пётр Аляшчук згодны з крыніцамі СМІ, якія кажуць, што цяперашнія працэсы звязаныя з вайскоўцамі КНДР, якія былі адпраўленыя на вайну супраць Украіны.
«Гэта сапраўды эскалацыя, якой так баялася адміністрацыя Байдэна. Прычым відавочна, што Злучаныя Штаты хвалюе нават не сам факт удзелу паўночнакарэйскіх жаўнераў у вайне супраць Украіны, а тое, чым Расея будзе за гэты ўдзел расплачвацца», – мяркуе Пётр Аляшчук.
ЗША не хацелі б перадачы КНДР ваенных тэхналогій, у прыватнасці, авіяцыі, касмічных і ядравых.
,,«Паўночная Карэя знаходзіцца побач з Паўднёвай Карэяй, дзе ёсць амерыканскія войскі. Узмацненне рэжыму Кім Чэн Ына – вельмі дрэнна для ЗША, і не рэагаваць на ўдзел вайскоўцаў КНДР у вайне супраць Украіны яны не маглі».
З'яўляецца інфармацыя, што ўдары можна будзе наносіць толькі па Курскай вобласці, па месцах дыслакацыі Паўночнакарэйскіх салдат. Сэнс зразумелы – дамагчыся страт, якія будуць для рэжыму Кіма непрымальныя, і матываваць яго выйсці з гэтага фармату ўдзелу ў вайне, каб замарозіць далейшае паглыбленне супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР», – працягвае Аляшчук.
Інфармацыя пра ракеты з'явілася менавіта цяпер, таму што ўжо прайшлі выбары ў ЗША і гэтая тэма не можа выкарыстоўвацца Трампам супраць дэмакратаў, мяркуе эксперт.
Генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун лічыць, што ў Курскай вобласці ракеты могуць дапамагчы забяспечыць ліквідацыю навалы праціўніка.
«Магчыма, мы адсунем лагістыку ворага ад лініі фронту і тая аперацыя, якую яны плануюць па выцясненні ўкраінскіх войскаў з Курскай вобласці да 20 студзеня, то бок да інаўгурацыі прэзідэнта ЗША, не адбудзецца», – кажа Ягун.
Кардынальных пераменаў на фронце ён пакуль не чакае.
«Магчыма, гэта першы крок да таго, каб біць па лагістычных цэнтрах унутры Расеі, дзе мы толькі можам дацягнуцца», – адзначае генерал-маёр СБУ ў запасе.
Таксама Украіне трэба не менш за 500 ракет, каб змяніць сітуацыю на фронце, лічыць эксперт. Для гэтага ў краіны ёсць ужо 100 ракет уласнай вытворчасці.
«Думаю, калі ў бліжэйшы час тэрор не скончыцца, мы можам убачыць ўдары углыб Расіі ўласнай зброяй», – падводзіць рысу Віктар Ягун.
Глеб Нержын belsat.eu