Беларусь гатовая аднавіць авіязносіны з Еўропай, але як толькі будуць знятыя палітычныя перашкоды, заявіў дырэктар Дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыі Ігар Голуб.
Паводле Голуба, узаемадзеянне па лініі ІКАО (Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі) не спынялася.
,,«Рашэнне толькі за палітыкамі. Канешне, мы будзем гатовыя аднавіць авіязносіны з Еўропай, як толькі палітычныя перашкоды будуць знятыя», – кажа дырэктар Дэпартаменту па авіяцыі.
Беларускі бок упэўнены, што еўрапейскія краіны таксама зацікаўленыя ў аднаўленні палётаў у нашую краіну і праз яе, бо «аблёт Беларусі і РФ для эканомікі авіякампаніяў – вельмі вялікія выдаткі».
,,«Маючы магчымасць наўпрост пралятаць з Еўропы на Усход праз Беларусь і РФ – канешне, авіякампаніі зацікаўленыя не выконваць аблёты і не траціць лішнія грошы. І мы ў гэтым зацікаўленыя. Нашае неба адкрытае», – сказаў Ігар Голуб.
Сёлета Менск падпісаў міжурадавыя пагадненні аб арганізацыі авіязносінаў з Сэйшэльскімі выспамі і Саудаўскай Аравіяй. Рыхтуецца падпісанне пагаднення з Венесуэлай і Кеніяй.
16 снежня «Белавія» выканае першы рэгулярны рэйс у Кітай на маршруце «Менск – Урумчы – Менск». Плануецца, што ён будзе выконвацца раз на тыдзень.
23 траўня 2021 года на загад уладаў Беларусі ў Менску прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, нібыта праз бомбу на борце. Для суправаджэння самалёта ў неба быў падняты знішчальнік ВПС Беларусі.
На тым рэйсе «Ryanair» ляцелі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега – іх затрымалі.
Пасля інцыдэнту з самалётам «Ryanair» краіны Еўразвязу, а таксама Вялікая Брытанія, Украіна, Сербія і шэраг іншых краінаў забаранілі «Белавія» лётаць праз свае паветраныя прасторы, а ўласным авіякампаніям – ажыццяўляць палёты над Беларуссю.
2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, у дачыненні кампаніі «Белавія» ЗША ўвялі абмежаванні, звязаныя з экспартам прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзаваннем пэўных самалётаў і запчастак.
7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён. 9 жніўня 2023 года «Белавія» дадалі ў санкцыйныя спісы ЗША. 3 лістапада 2023 года падчас прэс-канферэнцыі ў Менску гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец прызнаў, што планы мадэрнізацыі флоту самалётаў беларускай авіякампаніі былі парушаныя праз увядзенне заходніх санкцыяў.
29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўразвязу, уведзеныя супраць «Белавія», адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.
Паветраны флот авіякампаніі «Белавія» складаецца цяпер з 13 самалётаў, сярэдні век якіх перавышае 11 гадоў.
З 28 кастрычніка «Белавія» адмяніла рэйсы з Гомля і Берасця ў Маскву, а з 29 кастрычніка – з Гомля ў Санкт-Пецярбург і Маскву. Аб прыпыненні выканання рэйсаў нацыянальнага перавозчыка «Белавія» з Берасця і Гомля ў Маскву і Санкт-Пецярбург «з тэхнічных прычынаў» паведаміў тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси».
Як адзначалі крыніцы тэлеграм-каналу, прычына скасавання рэйсаў – «недахоп бартоў праз тэхабслугоўванне».
Марыя Міхалевіч belsat.eu