У 2025 годзе ў Беларусі замацуюць на сталай аснове некаторыя «часовыя» падаткі, уведзеныя ў папярэднія гады, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко на паседжанні Рэспубліканскага клубу дырэктароў. Сярод такіх падаткаў – мясцовы збор за мінанне мяжы на аўтамабілях.
Грошы за выезд з Беларусі на аўтамабілях пачалі браць у 2021 годзе нібыта ў межах барацьбы з COVID-19. Аднак і пасля сканчэння пандэміі падатак працягваюць спаганяць у Віцебскай, Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях.
Плата бярэцца за выезд з краіны на механічным транспартавым сродку, што зарэгістраваны ў Беларусі ці за яе межамі, мае не менш за чатыры колы і максімальную вагу не больш як 5 тонаў. Плаціць не трэба пры выездзе ў Расею.
Памер збору – 1 базавая велічыня (цяпер – 40 рублёў, з 1 студзеня 2025 года – 42 рублі). Гэтыя грошы ідуць у бюджэт вобласці, у якой месціцца пункт пропуску.
Збор мусіў дзеяць да 1 лютага 2025 года, аднак цяпер яго пастанавілі зрабіць сталым.
З Беларусі ў ЕЗ за содні выязджае каля 1300 легкавых аўтамабіляў, і калі з кожнага браць базавую велічыню, то зарабіць можна больш за 15 тысяч долараў. За месяц сума складзе каля паўмільёна долараў, падлічыла «Наша Ніва».
Акрамя гэтага збору, пры выездзе з Беларусі на легкавым аўтамабілі давядзецца заплаціць 12 рублёў за рэгістрацыю ў электроннай чарзе, а на зваротным шляху – яшчэ 2 рублі за дэзінфекцыю транспартавага сродку.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu