навіны

Чарнагорыя збіраецца ўвесці візы для беларусаў і расейцаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: hellolanguage.ru
podpis źródła zdjęcia

Чарнагорыя можа ў хуткім часе ўвесці візы для грамадзян Расеі і Беларусі, каб пачаць значныя рэформы ў галіне візавай палітыкі. 

Пра гэта паведаміла агенцтва Dan, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ва ўрадзе краіны.

Паводле інфармацыі агенцтва, неабходнасць увядзення віз звязаная з працэсам гарманізацыі заканадаўства Чарнагорыі з патрабаваннямі Еўразвязу ў рамках падрыхтоўкі да ўступлення ў яго. 

Увядзенне віз таксама закране грамадзян Турцыі, Ірана, Кітая і шматлікіх іншых краін, што абумоўлена правіламі, паводле якіх грамадзяне трэціх краін павінны мець візы пры перасячэнні мяжы з ЕЗ. 

«Dan» адзначае, што Чарнагорыя можа паспрабаваць дамовіцца пра выключэнні для некаторых краін у перамовах з ЕЗ. Аднак выданне лічыць, што шанцы на згоду Еўразвязу на такія выключэнні невялікія. Пры гэтым не згадваецца, ці будзе ў спісе на выключэнне менавіта Расея і Беларусь.

Увядзенне віз, адзначае «Dan», можа значна паўплываць на турыстычны паток, які адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. У 2023 годзе рэкардсменамі па колькасці браніраванняў жылля для начлегаў у Чарнагорыі былі менавіта турысты з Расеі. 

Таксама паведамляецца, што адносіны паміж Чарнагорыяй і Расеяй у апошнія гады становяцца больш напружанымі. Краіна двойчы высылала расейскіх дыпламатаў і абвяшчала шэсць супрацоўнікаў расейскай дыпмісіі персонамі нон грата. З канца верасня 2022 года консульскі аддзел расейскага пасольства ў Чарнагорыі спыніў працу. У Расеі, у сваю чаргу, застаўся толькі пасол Чарнагорыі, якога прэм’ер-міністр краіны абвінавачвае ў адсутнасці актыўнасці. У сувязі з гэтым застаецца незразумелым, хто будзе займацца выдачай віз турыстам у Расеі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10