Аналітыка

Беларускі рубель тры месяцы падае да долара і еўра. Чаму так і калі гэта скончыцца?

Пункт абмену валют у ГУМе. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат
Пункт абмену валют у ГУМе. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Курс беларускага рубля да долара і еўра паволі падае ўжо тры месяцы, але расце да расейскага. У чым прычына, «Белсат» спытаў эканамістку Настассю Лузгіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: kali.by

Калійны OPEC не спрацуе. Як Лукашэнка схлусіў пра цэны і навошта звольніў Галаватага

Аналітыка
На графіках афіцыйных курсаў Нацыянальнага банку Беларусі відаць трэнд: беларускі рубель каля трох месяцаў падае да долара і еўра – і такі ж трэнд відаць на графіках расейскага рубля. Паказнік кошыку валютаў, у якім 60 % – расейскі рубель, 30 % – долар і 10 % – юань, трымаецца ў гэтыя месяцы на стабільным узроўні.
6 жніўня 2024 года долар каштаваў мінімальныя ў гэтым годзе 3,0916 беларускага рубля. З таго часу долар падаражаў на 9,3 % – да 3,38.
Курс беларускага рубля да долара ЗША паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
Курс беларускага рубля да долара ЗША паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
2–4 жніўня еўра каштавала мінімальныя за бягучы год 3,3698 беларускага рубля. Цяпер еўра вырасла на 5,7 % – да 3,5626 рубля.
Курс беларускага рубля да еўра паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
Курс беларускага рубля да еўра паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
Курс да кітайскага юаню падобны, толькі юань каштаваў мінімум раней: 19 чэрвеня 2024 года 10 юаняў былі па 4,2641 беларускага рубля. Калі не лічыць гэтага кароткага жнівенськага «правалу» юаня, рост беларускага рубля да юаня напраўду пачаўся пасля 11 жніўня. З таго дня юань падаражаў на 8,7 %, з 4,3048 да 4,6811 беларускага рубля за 10 юаняў.
Курс беларускага рубля да 10 юаняў паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
Курс беларускага рубля да 10 юаняў паводле Нацыянальнага банку. Выява: Белсат
Расейскі рубель пачаў падаць да беларускага раней. 21–23 чэрвеня было максімальнае ў гэтым годзе значэнне, за 100 расейскіх 3,7577 беларускага рубля. З таго часу расейскі рубель упаў да беларускага на 9,9 % – да 3,3869 беларускага за 100 расейскіх.
Курс беларускага рубля да 100 расейскіх паводле Нацыянальнага банку Беларусі. Выява: Белсат
Курс беларускага рубля да 100 расейскіх паводле Нацыянальнага банку Беларусі. Выява: Белсат

Графікі расейскага рубля крыху падобныя. Найлепшы курс расейскага рубля да долара і еўра быў 20 жніўня, але тое быў разавы скачок. Падзенне расейскага рубля да гэтых валютаў пачалося між 3 і 6 жніўня.


Долар за гэтыя тры месяцы падаражаў адносна расейскага рубля на 17,7 %.

Курс расейскага рубля да долара ЗША паводле Цэнторальнага банку Расеі. Выява: Белсат
Курс расейскага рубля да долара ЗША паводле Цэнторальнага банку Расеі. Выява: Белсат

Таксама і еўра за тры месяцы падаражала да расейскага рубля на 13,9 %. 

Курс расейскага рубля да еўра паводле Цэнторальнага банку Расеі. Выява: Белсат
Курс расейскага рубля да еўра паводле Цэнторальнага банку Расеі. Выява: Белсат

Справа ў расейскім рублі: ён паволі слабне, але абвалу не чакаюць


Эканамістка, старэйшая навуковая супрацоўніца цэнтру «BEROC» Настасся Лузгіна кажа «Белсату», што асноўная прычына зніжэння курсу беларускага рубля да долара і еўра – гэта паводзіны расейскага рубля. «Расейскі фактар» у тым, што беларуская эканоміка моцна звязаная з расейскай, асноўны гандлёвы партнёр Беларусі – Расея, а многія разлікі з Расеяй ідуць у расейскіх рублях. Жорсткай прывязкі няма, беларускі рубель умацоўваецца да расейскага, але да іншых валютаў ідзе падобнымі траекторыямі, хай і не паўтарае за расейскім «адсотак у адсотак».

Настасся Лузгіна. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Настасся Лузгіна. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Расейскі ж рубель дайшоў да «псіхалагічнага бар’еру»: 100 рублёў за долар. Расейскія эксперты, адзначае Лузгіна, прагназуюць і далейшае падзенне – звыш 100 расейскіх рублёў за долар. Могуць быць і кароткатэрміновыя «адкаты» ў двухзначныя лічбы, але дынаміка апошніх месяцаў – на аслабленне расейскага рубля.
,,

«Гэта звязана з тым, што ў Расеі пагоршылася сітуацыя з гандлёвым балансам, – тлумачыць Лузгіна. – Актыўна працягвае расці імпарт, імпарцёры закупаюць. Па экспарце ўмовы пагоршыліся за кошт таго, што цэны на нафту застаюцца ў даволі нізкім дыяпазоне».


«OPEC+ могуць яшчэ больш абмежаваць здабычу нафты, каб стабілізаваць попыт, і ў прынамсі кароткатэрміновым перыядзе нафта можа крыху падрасці. Але гэта залежыць ад геапалітычных рызыкаў. А на наступны год прагнозы такія, што прапановы на нафту нават з залішкам, попыт не будзе такім высокім, як прапанова. Гэта вядзе да чаканага зніжэння цэнаў. Або будуць абмяжоўваць аб’ёмы здабычы ў краінах, якія ўваходзяць у OPEC+.


Плюс да таго, калі казаць пра расейскі рынак, там ёсць праблемы з разлікамі: нават калі экспарт праходзіць, выручка можа прыходзіць з затрымкай. Гэта стварае пэўны дэфіцыт валюты. Плюс Цэнтральны банк Расеі знізіў абавязковую норму продажу валютнай выручкі буйнымі экспарцёрамі, што таксама ў нейкай ступені магло паўплываць на прапанову валюты на рынку».


Долар апошнім часам крыху ўмацаваўся да іншых валютаў: напрыклад, з канца верасня падняўся ад 0,9 да 0,95 долара за еўра. Лузгіна тлумачыць гэта тым, што выйшлі свежыя звесткі пра эканамічныя вынікі Злучаных Штатаў, а Цэнтральны банк ЗША паабяцаў, што не будзе спяшацца са зніжэннем ставак. А калі ў рынкавай эканоміцы высокія ключавыя стаўкі, інструменты інвеставання будуць прыбытковыя – і інвестары ўкладваюць грошы ў амерыканскую эканоміку, долар расце. Гэта таксама робіць некаторы ўнёсак у падзенне расейскага рубля да долара. 


У наступныя месяц-другі будзе таксама мець уплыў закупка тавараў на Каляды і Новы год, адзначае Лузгіна. Імпарцёры закупаюць максімум тавараў, бо чакаюць падвышанага попыту ў канцы года. Але калі не здарыцца нічога надзвычайнага, да канца года наўрад ці будзе сур’ёзнае падзенне. Тым больш, да канца года не так і шмат часу.


«Ну, будзе 100 з капейкамі, 105, можа, – прагназуе Лузгіна курс расейскага рубля да долара да канца года. – Тут цяжка казаць, як будуць паводзіць сябе цэны на нафту, як будзе завозіцца выручка ў Расею. Адгадаць немагчыма. Але наўрад ці мы пабачым жорсткае аслабленне расейскага рубля. Нягледзячы на тое, што ёсць негатыўныя тэндэнцыі для Расеі, яны не крытычныя: усё роўна выручка вялікая».

,,

«Мы бачым зніжэнне, але гэта не абвальнае зніжэнне. Так, яно ідзе, мо крыху паскорылася апошнім часам, але 200 расейскіх рублёў за долар яшчэ ніхто не чакае».


Паступовае зніжэнне курсу расейскага рубля ў далейшай перспектыве мае захавацца, лічыць Лузгіна. Інфляцыя ў Расеі застаецца падвышанай, нягледзячы на падвышэнне ставак Цэнтрабанку Расеі. Адпаведна, і беларускі рубель мае слабнуць да долара і еўра.


У Расеі можна пачуць канспіралагічную тэорыю: Уладзімір Пуцін ці абстрактны Крэмль не хочуць, каб за долар у абменніках прасілі трохзначныя сумы, звыш 99 рублёў. Лузгіна не ведае, ці праўда Пуцін хацеў бы такога, але бачыць, што на сёння расейскі рубель наўрад ці штучна трымаюць у пэўных межах, ён можа «спакойна выйсці» за 100 рублёў за долар. Калі б трымалі, не было б рэзкіх скачкоў. Хоць праз заходнія санкцыі супраць Маскоўскай біржы механізм вызначэння курсу расейскага рубля цяпер непразрысты, але таргі па юані ідуць на рыначных умовах, а палітыка Цэнтральнага банку застаецца разумнай з улікам умоваў, у якіх яму даводзіцца працаваць (хай Пуцін і вырашыў, нягледзячы на супраціў Цэнтрабанку, увесці абавязковы продаж валютнай выручкі). 


Не падобна, каб у Расеі раптам вырашылі загадаць Цэнтральнаму банку распрадаваць рэзервы толькі дзеля «прыгожай лічбы» ў абменніках, хоць валютныя рэзервы тэарэтычна дазваляюць зрабіць такое, а Цэнтрабанк Расеі можа пры жаданні падтрымаць курс.


У Беларусі ёсць свае праблемы, а беларускі рубель можа абваліцца незалежна ад расейскага

Мужчына едзе на скутары ў Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry / Getty Images

Запаволенне росту заробкаў і дзіўныя планы па ВУП – што ўлады прыдумалі для беларусаў на 2025 год

навіны

Беларусь найбольш актыўна гандлюе з Расеяй, але агулам гандлюе не толькі з ёй. Паводле Лузгіной, дынаміка расейскага рубля «задае трэнд» беларускаму рублю, але той усё ж не абсалютна прывязаны да расейскага і не «абавязаны» паўтараць ягоную траекторыю.


Суразмоўца нагадвае: у Беларусі, у адрозненне ад Расеі, таргі на валютнай біржы ідуць адкрыта (у асноўным, гандлююць расейскімі рублямі, юанямі і доларамі, аб’ёмы ў еўра значна меншыя). І ў Беларусі рэзервы не змяншаюцца – хай сабе растуць у асноўным за кошт росту цэнаў на золата, але тое, што не падаюць, сведчыць аб тым, што Нацыянальны банк не падтрымлівае курс беларускага рубля штучна. І Нацбанк Беларусі ўжо амаль 10 гадоў не выкарыстоўвае рэжым жорсткіх валютных курсаў, а курс беларускага рубля вызначаецца рынкавым шляхам з хіба кароткатэрміновым уплывам праз інтэрвенцыі Нацбанку дзеля згладжвання самых рэзкіх скачкоў і пазбягання панікі праз выпадковасці. 

,,

«Калі казаць пра перспектывы, ёсць рызыкі, датычныя дынамікі не расейскага, а беларускага рубля праз тыя ўмовы, у якіх знаходзіцца беларуская эканоміка, – заўважае Лузгіна. – Мы ведаем, што цяпер ёсць „перагрэў“ беларускай эканомікі. Пытанне ў тым, якая будзе эканамічная палітыка беларускіх уладаў у наступным годзе. У гэтым годзе наўрад ці нешта сур’ёзна зменіцца, але ў наступным – пытанне».


«Мы ведаем пра даволі грандыёзныя планы росту валавага ўнутранага прадукту. Калі будуць вельмі намагацца дасягнуць прыросту ВУП на 4 %, гэта абяцае яшчэ большы „перагрэў“ эканомікі і паскарэннем інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў. Гэта будуць ужо чыста беларускія фактары, не расейскія, якія будуць уплываць на валютны рынак Беларусі».


Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка падпісаў указ, у якім у 2025 годзе запланаваны рост ВУП на 4,1 % пры інфляцыі не вышэй за 5 %. Міжнародны валютны фонд чакае, што ў 2025 годзе беларуская эканоміка вырасце толькі на 2,3 %, Сусветны банк – што на 1,2 %. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10