Дырэктар фірмы Святлана Шчатко і ейны намеснік Павел Аўчароў цяпер у СІЗА.
Кіраўніцтва кампаніі «Dana Astra» затрымалі 16 лістапада, ведаюць неназваныя крыніцы «Reform.news». Разам з Святланаю Шчатко і Паўлам Аўчаровым былі затрыманыя і іншыя менеджары, якія працуюць на братоў Карычаў з Сербіі: Мілан Ракачэвіч, Ненад Сімановіч, Вібар Муліч.
Пазней Ракачэвіча і Муліча адпусцілі.
Арышты пачаліся пасля правярання Дзяржкантролю, піша выданне. Праблемы ў будаўнічай кампаніі ўзніклі пасля публічнай рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на скаргі пакупнікоў кватэраў, што будавала фірма ў тым ліку ў комплексе «Менск Свет». Падчас справаздачы кіраўніка Менгарвыканкаму палітык сказаў: «Дарэчы, пайшлі скаргі на „Dana Astra”. Вы разбярыцеся, чаму людзі скардзяцца».
Пакупнікі жытла былі незадаволеныя якасцю: у кватэрах знаходзілі багата дэфектаў.
«Няхай пераробліваюць усё, бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь – хай працуюць як трэба. Варта ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі», – папярэджваў Лукашэнка ў снежні летась.
Вібар Муліч пацвердзіў «Reform.news», што ён на волі, і запэўніў, што аніякіх праблемаў у кампаніі няма:
«Цяжкасцяў няма. Усё ў працоўным парадку».
«Dana Astra» – частка групы «Dana Holdings», уласнікамі якой называюць сербскіх братоў-бізнесоўцаў Багалюба і Драгаміра Карычаў. Лукашэнка добра з імі знаёмы яшчэ з канца 90-х гадоў.
Будаўнічая фірма не раз атрымоўвала эксклюзіўныя ўмовы дзякуючы палітыку. Напрыклад, тэрыторыю аэрапорту «Менск-1» аддалі кампаніі «Dana Astra» для будавання комплексу «Менск Свет» без аўкцыёну паводле ўказу Лукашэнкі. Дакумент таксама прадугледжвае шэраг падатковых ільгот.
Іншым указам Лукашэнка даў магчымасць яшчэ адной кампаніі «Dana Holdings» – «Belinte-Roba» – пабудаваць бізнес-цэнтр на месцы музею Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы Менску.
Сцяпан Кубік belsat.eu