«Цяжка адрозніць „дрэнных” і „добрых” беларусаў», – сказаў амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім, адзначыўшы, што гэтае пытанне «не датычыць наўпрост украінскай дзяржавы».
Праблемы з легалізацыяй узніклі ў беларусаў ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Надоечы, напрыклад, спявачка Маргарыта Ляўчук, якая жыве ў Харкаве, скардзілася, што праз беларускае грамадзянства ўкраінская міграцыйная служба не выдае неабходны дакумент, які б сведчыў, што яна мае дзіця.
Акрамя таго, у банку ёй не адкрываюць рахункі, яна не можа адкрыць ІП, легальна працаваць і атрымліваць выплаты на немаўляці.
Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім на пытанне выдання «Reform.news», ці маглі б улады пайсці насустрач у праблеме легалізацыі, заявіў, што гэта «не датычыць наўпрост украінскай дзяржавы»:
,,«Гэтую праблему мусяць развязваць беларусы тут. Маюцца шляхі для яе развязання. Калі ласка, працуйма».
Паводле дыпламата, праз тое, што Беларусь стала суагрэсарам, стаўленне да беларусаў ва Украіне «не вельмі пазітыўнае»:
«Вельмі цяжка адрозніць „дрэнных” і „добрых” беларусаў. Беларусь ці, дакладней, беларускі рэжым уцягнуў вашую краіну ў вайну на баку нашага ворага, Расейскай Федэрацыі. Стаўленне да беларусаў, нават ва Украіне, не вельмі пазітыўнае. Нягледзячы на тое, што беларусы ваююць за Украіну, успрыманне Беларусі, на жаль, застаецца такім, што яна з’яўляецца суагрэсарам. І рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб гэтае ўспрыманне захоўвалася».
Кізім таксама паразважаў пра тое, ці мае Беларусь браць удзел у мірных перамовах і кім яна мусіць быць рэпрэзентаваная: уладамі ў Менску ці дэмакратычнымі сіламі. Абмасадар сказаў, што ўсё будзе залежыць ад фармату перамоваў, аднак адзначыў, што «не бачыць рэжыму Лукашэнкі або Беларусі ў нейтральнай пазіцыі».
«Я бачу ролю Беларусі праз прызму адказнасці за суўдзел у агрэсіі. Такога паняцця як „прабачыць” не будзе. Мы зафіксавалі факт суўдзелу ў агрэсіі і замацавалі яго юрыдычна. З тэрыторыі Беларусі запускаліся ракеты, нават калі гэта рабілі расейскія войскі. Паводле ўсіх існуючых канвенцыяў, гэта парушэнне міжнароднага права. Беларусь стала суўдзельнікам», – канстатаваў дыпламат.
Ён заўважыў, што галоўнае для Украіны – «разам з вамі перамагчы, спыніць вайну і прымусіць Расею вярнуцца ў „стойла” міжнароднага права», а таму рэалізацыя гэтых мэтаў важнейшая за тое, у якім фармаце ў патэнцыйных перамовах «будзе ўдзельнічаць Беларусь ці яе рэжым».
Сцяпан Кубік belsat.eu