Канцлер Нямеччыны пры гэтым упэўнены, што пазваніць расейскаму палітыку было слушным рашэннем.
Тэлефонная размова канцлера ФРГ Оляфа Шольца з Уладзімірам Пуціным, што доўжылася гадзіну, адбылася 15 лістапада з ініцыятывы нямецкага боку. Гэта быў іхны першы кантакт з снежня 2022 года. «Reuters» адзначае, што Шольц – непапулярны лідар краіны – пазваніў Пуціну за тры месяцы да пазачарговых выбараў у парламент і пад ціскам левых і правых папулістаў, якія патрабуюць узнаўлення дыпламатычных дачыненняў.
Пры гэтым рашэнне нямецкага канцлера паразмаўляць з расейскім палітыкам задаволіла не ўсіх: напрыклад, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што гэта скрыня Пандоры:
«Цяпер могуць быць іншыя размовы, іншыя званкі. І гэта ўласна тое, чаго Пуцін даўно жадае: яму скрайне важна паслабіць ягоную ізаляцыю, ізаляцыю Расеі і весці звычайныя перамовы, якія не будуць нічым заканчвацца. Гэтак, як ён дзесяцігоддзямі рабіў. Гэта давала магчымасць Расеі нічога не мяняць у сваёй палітыцы, нічога не рабіць сутнасна, і акурат гэта і прывяло да гэтай вайны».
17 лістапада Шольц падрабязна растлумачыў журналістам, навошта ён патэлефанаваў Пуціну.
«Было важна сказаць, што ён не можа разлічваць на тое, што падтрыманне з боку Нямеччыны, Еўропы і шмат якіх краінаў свету аслабне», – адзначыў бундэсканцлер.
Паводле Шольца, важна, каб «мы вельмі выразна сфармулявалі прынцыповае пытанне, што Украіна можа на нас паспадзявацца і што існуе прынцып: аніякіх пастановаў праз галаву Украіны не будзе».
Пры гэтым ён канстатаваў, што пазіцыя Пуціна амаль не змянілася, – і гэта дрэнна:
,,«Размова была вельмі падрабязнаю, але яна дапамагла прызнаць, што ў поглядах расейскага прэзідэнта на вайну мала што змянілася, – і гэта не вельмі добрая навіна».
У кантэксце абяцанняў абранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа скончыць вайну, што можа азначаць перамовы Вашынгтону з Крамлём, канцлер Нямеччыны падкрэсліў, што і еўрапейскім лідарам варта не адмаўляцца ад такіх кантактаў:
«Было б не вельмі добра, калі б перамовы паміж амерыканскім і расейскім прэзідэнтам вяліся, а лідар важнай еўрапейскай краіны не браў бы ў гэтым удзелу».
Дарэчы, рашэнне Шольца патэлефанаваць Пуціну вітаў прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо, перадае «Bloomberg».
«Мы ўсе разумеем, як важна скончыць гвалт ва Украіне, спыніць канфлікты ва ўсім свеце. Гэта патрабуе пэўнага ўзроўню ўзаемадзеяння з партнёрамі, з якімі мы ў многіх выпадках не згодныя», – сказаў канадскі лідар.
Ён не выключыў, што вайна ва Украіне скончыцца «цягам бліжэйшых месяцаў», аднак не ўдакладніў, якім чынам і чаму ён так мяркуе. Пры гэтым Трудо заклікаў шчыра прызнаць: усе хаўруснікі разам не змогуць замяніць Злучаныя Штаты, калі тыя адмовяцца ад падтрымання Украіны.
А вось прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск упэўнены, што званіць Пуціну было не варта. Ён напісаў пра гэта ў сацсетцы X.com:
,,«Ніхто не спыніць Пуціна тэлефоннымі званкамі. Адзін з найбуйнешых нападаў у гэтай вайне даказаў, што тэлефонная дыпламатыя не можа замяніць рэальнае падтрыманне Украіны з боку ўсяго Захаду. Наступныя тыдні будуць вырашальнымі не толькі для вайны, але і для нашай будучыні».
Між тым гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман сённяшні масаваны ўдар расейскіх войскаў па Украіне назваў адказам міратворцам, якія разлічваюць на кампраміс з Пуціным.
«Галоўныя адрасаты расейскай атакі па Украіне – „вялікія міратворцы” Трамп і Шольц, якія робяць стаўку на кампраміс з Пуціным», – напісаў аналітык у сваім Тэлеграм-канале.
Сцяпан Кубік belsat.eu