Расейскія войскі за кароткі час ужылі 120 ракетаў і 90 дронаў.
Супрацьпаветраная абарона Украіны збіла 144 з 210 цэляў, паведамілі ў ЗСУ.
«У ноч на 17 лістапада расейскія акупанты ўчынілі масаваны камбінаваны ўдар па аб'ектах энергетычнага сектару Украіны ракетамі розных тыпаў паветранага, наземнага і марскога базавання, а таксама ўдарнымі беспілотнікамі кшталту „Shahed”. Паводле папярэдніх звестак, ёсць інфармацыя пра збіццё 102 ракетаў і 42 БпЛА», – адзначаецца ў паведамленні.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў сваім акаўнце ў сацсетцы X.com напісала, што гэта акт тэрарызму, які мусіць быць спынены:
,,«Яўны акт тэрарызму, накіраваны на цывільнае насельніцтва і найважнейшыя аб'екты інфраструктуры. Гэты тэрор мусіць быць спынены, а Украіна мусіць атрымаць усё неабходнае для перамогі. Беларусы падтрымоўваюць яе ў гераічным змаганні за свабоду».
Паводле Мінабароны Расеі, цэллю сённяшняга ўдару была энергетычная інфраструктура, што сілкуе вайсковыя прадпрыемствы:
«Узброеныя сілы нанеслі масаваны ўдар высокадакладнымі сродкамі паражэння вялікай далёкасці паветранага і марскога базавання, ударнымі беспілотнымі апаратамі па крытычна важных аб'ектах энергетычнай інфраструктуры, што забяспечвае працу вайскова-прамысловага комплексу Украіны, і па прадпрыемствах, якія вырабляюць прадукцыю вайсковага прызначэння».
Традыцыйна расейскае міністэрства запэўнівае, што «ўсе запланаваныя цэлі пашкоджаныя».

У выніку атакі загінулі прынамсі пяць асобаў, больш за дзесяць пацярпелі. Была пашкоджаная не толькі энергетычная інфраструктура, але і жылыя дамы, прыпыняўся рух на чыгунцы.
У Кіеве абломкі ракетаў упалі ў трох раёнах. У Пячэрскім раёне быў прабіты дах пяціпавярховіка, абломак даставалі ратаўнікі разам з піратэхнікамі.
Такі масаваны ўдар Расея здзейсніла ўпершыню з жніўня.
Сцяпан Кубік belsat.eu