«Беларускі Гаюн» не пацвярджае інфармацыю некаторых украінскіх паблікаў пра тое, што ракеты, якія РФ запускала сёння па Украіне, праляталі над тэрыторыяй Беларусі.
Раніцай ў некаторых украінскіх тэлеграм-каналах пры паведамленнях пра атакі ўкраінскіх гарадоў расейскімі ракетамі сапраўды з’яўлялася інфармацыя, што прылёт ракет адбываўся ў тым ліку праз тэрыторыю Беларусі.
Так, былі паведамленні, піша «Беларускі Гаюн», што каля 07:30 некалькі ракетаў зайшлі ў Чарнігаўскую вобласць Украіны з Гомельскай вобласці Беларусі.
,,«Гаворка вялася пра крылатыя ракеты Х-101/55, якія запускаліся бартами Ту-95МС з Саратаўскай вобл. РФ і Каспійского мора. Аднак маніторынгавая група @eRadarrua пацвердзіла «Беларускі Гаюн», што ніводная з КР Х-101 раніцай не пралятала над Беларуссю і не запускалася з тэрыторыі нашай краіны», – пішуць аўтары «Беларускага Гаюна».
Яны тлумачаць такую памылку тым, што ракеты былі лакацыйна заўважаныя каля Чарнігава, і некаторыя крыніцы зрабілі дапушчэнне, што запуск або пралёт быў над тэрыторыяй Беларусі.
Нагадаем, што сёння Расея зладзіла адну з найбольш магутных ракетных атак па тэрыторыі Украіны, выпусціўшы агулам 120 ракет і 90 дронаў. Украінскім сілам ППА ўдалося знішчыць больш за 140 паветраных цэляў, тым не менш была моцна пашкоджаная ўкраінская энергетычная інфраструктура, выбухі былі ў многіх гарадах па тэрыторыі ўсёй краіны, ёсць ахвяры і моцныя разбурэнні.
Расейскае Мінабароны пацвердзіла ўдар па «крытычна важных аб’ектах энергетычнай інфраструктуры», адзначыўшы, што «ўсе запланаваныя мэты былі паражаныя».
«Гэта сапраўдны адказ ваеннага злачынцы Пуціна ўсім тым, хто тэлефанаваў і наведваў яго нядаўна. Нам трэба дасягнуць міру праз пасярэдніцтва сілы, а не супакойвання», – пракаментаваў ранішнюю атаку кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.
Раман Шавель belsat.eu