навіны

Беларуса і траіх расейцаў вызвалілі ў Чадзе

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Беларуса і трох грамадзянаў Расеі, затрыманых раней у Рэспубліцы Чад, вызвалілі пасля амаль двухмесячнага ўтрымання ў следчым ізалятары Нджамены. Адметна, што мінімум двое з затрыманых раней ужо траплялі ў падобную сітуацыю ў іншай афрыканскай краіне.

Пра вызваленне гэтых асобаў паведаміў віцэ-прэзідэнт расейскага падраздзялення Міжнароднага камітэта абароны правоў чалавека Іван Мельнікаў.

«Сацыёлагі Максім Шугалей і Самер Суэйфан, а таксама яшчэ двое грамадзян Расеі і Беларусі вызвалены з-пад варты ў Рэспубліцы Чад. Амаль два месяцы іх незаконна трымалі ў СІЗА Нджамены», – адзначыў Мельнікаў.

Паводле словаў прадстаўніка расейскага падраздзялення Міжнароднага камітэта абароны правоў чалавека, ён звяртаўся да вярхоўнага камісара Упраўлення вярхоўнага камісара Камітэта па правах чалавека ААН з просьбай аб дапамозе ў вызваленні затрыманых. Акрамя таго, падчас саміту «Расея – Афрыка» ён правёў размову з намеснікам міністра замежных спраў Чада, якому таксама нагадаў пра гэтую сітуацыю.

Цяпер вызваленыя маюць права патрабаваць ад уладаў Чада кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартай, адзначае ТАСС.

Пра затрыманне гэтых людзей два месяцы таму на сваім сайце паведаміла Міністэрства замежных справаў РФ. Паводле яго, у Нджамене 19 і 21 верасня ўладамі Рэспублікі Чад былі затрыманыя трое грамадзянаў Расеі (М.А. Шугалей, Суэйфан С. Хасан Алі і Я.І. Цароў), а таксама грамадзянін Беларусі А.А. Дзенісевіч. Прычыны затрымання не паведамляліся.

Адметна, што ў адных крыніцах Максім Шугалей называецца сацыёлагам, а Самер Суэйфан ягоным перакладчыкам, у іншых яны абодва фігурюць як сацыёлагі. Вядома, што ў 2019 годзе яны арыштоўваліся ў Лівіі як супрацоўнікі Фонду абароны сацыяльных каштоўнасцяў, які падазраюць ва ўмяшанні ў выбарчыя кампаніі ў афрыканскіх краінах. На той час паведамлялася, што гэтыя асобы нібыта праводзілі ў Лівіі сацыялагічнае даследаванне. У снежні 2020 года іх вызвалілі з лівійскай турмы. 

Вядома таксама, што Максім Шугалей знаходзіцца пад украінскімі і еўрапейскімі санкцыямі, прычынай для ўключэння яго ў санкцыйны спіс сталі менавіта ягоныя сувязі з прыгожынскай ПВК Вагнэра.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10