Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) пацвердзілі сваё «непахіснае падтрыманне» Украіны ў сувязі з тысячным днём ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання.
З ініцыятывы прэм'ер-міністра Італіі Джорджы Мэлёні, якая цяпер старшынюе ў G7, кіраўнікі ЗША, Нямеччыны, Францыі, Канады, Вялікай Брытаніі, Італіі і Японіі зрабілі супольную заяву аб падтрыманні Кіева.
,,«Мы, лідары краінаў G7, пацвярджаем нашае непахіснае падтрыманне Украіны, якое будзем працягваць столькі, колькі спатрэбіцца. Мы салідарныя з Украінаю ў яе барацьбе за суверэнітэт, свабоду, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і ўзнаўленне. Мы таксама прызнаём уздзеянне расейскай агрэсіі на ўразлівых людзей ва ўсім свеце», – гаворыцца ў заяве.
Лідары «Вялікай сямёркі» падкрэслілі, што пасля тысячы дзён вайны яны прызнаюць велізарныя пакуты, што перажыў украінскі народ. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, украінцы прадэманстравалі выключную стойкасць і смеласць у абароне сваёй зямлі, сваёй культуры і свайго народу.
Расея застаецца адзінай перашкодаю на шляху да справядлівага і трывалага міру, адзначана ў заяве. «Вялікая сямёрка» пацвярджае сваю прыхільнасць да таго, каб прымусіць Расею панесці вялікую адказнасць за яе дзеянні праз санкцыі, экспартныя абмежаванні і іншыя эфектыўныя захады.
«Мы стаім плячом да пляча з Украінаю», – гаворыцца ў заканчэнні заявы.
Раман Шавель belsat.eu