Новыя тэхналогіі наступаюць, спрашчаючы працу людзей і замяняючы іх сабой. З гэтай нагоды ў некаторых краінах і фірмах ужо скарачаюць працоўныя тыдні і гадзіны працы. З аднаго боку паляпшаецца самаадчуванне людзей і іх прадукцыйнасць, а з другога павялічваецца пагроза таго, што з часам людзі агулам перастануць быць патрэбнымі.
Больш як палова работнікаў Ісландыі за апошнія гады перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень пры той жа аплаце працы. Як піша CNN са спасылкай на брытанскіх і ісландскіх даследнікаў, паводле скарочанага графіку працуюць ужо 59 % работнікаў краіны. Пры гэтым прадукцыйнасць працы не знізілася ці нават вырасла.
62 % работнікаў, якія перайшлі на скарочаны графік, больш задаволеныя сваім працоўным часам. 97 % заявілі, што баланс паміж працай і асабістым жыццём палепшыўся або застаўся ранейшым. А 42 % паведамілі аб зніжэнні ўзроўню стрэсу.
Нягледзячы на засцярогі крытыкаў, дадатковыя выдаткі на скарачэнне працоўнага часу ва ўсім дзяржаўным сектары ў 2022 годзе склалі толькі 0,11 % ад агульнага бюджэту. Пры гэтым у 2023 годзе эканоміка Ісландыі вырасла на 5 %, што ёсць другім паказнікам сярод развітых еўрапейскіх краінаў. За апошнія пяць гадоў Ісландыя паказала самы высокі рост прадукцыйнасці працы сярод краінаў Паўночнай Еўропы. А ўзровень беспрацоўя склаў толькі 3,4 %, што ўдвая ніжэй за сярэдні паказнік у развітых еўрапейскіх эканоміках.
«Гэтае даследаванне паказвае рэальную гісторыю поспеху: скарочаныя працоўныя гадзіны сталі ў Ісландыі шырока распаўсюджанай з’явай, а эканоміка дэманструе моц у шэрагу паказнікаў», – адзначыў даследнік Гудмундур Харальдсан.
Ідэя скарачэння стандартнага 40-гадзіннага працоўнага тыдня прасоўваецца не адзін дзясятак гадоў. Прычым гаворка прапануецца скарачаць не толькі працоўныя дні, але і працоўныя змены. Гэтак, яшчэ ў 2000 годзе ў Францыі (з рознымі нюансамі і пазнейшымі папраўкамі) быў уведзены 35-гадзінны працоўны тыдзень. У 2013 годзе чатырохдзённы працоўны тыдзень замацавалі ў афрыканскай Гамбіі, скасаваўшы яго праз чатыры гады.
Розныя навацыі з графікам уводзяць таксама асобныя фірмы або гарады ў якасці эксперыменту. Асабліва гэтая тэндэнцыя пашырылася падчас пандэміі каронавіруса. Як заяўляецца, паспяховым быў эксперымент з чатырохдзённым працоўным тыднем, які ў 2022 годзе ахапіў 33 кампаніі, у асноўным у ЗША і Ірландыі. З 2023 года новы графік вывучаюць і ў іспанскай Валенсіі.

Чаму адбываецца такое скарачэнне
Навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук у каментары «Белсату» назваў дзве галоўныя прычыны таго, чаму паступова адбываецца скарачэнне працоўнага дня. Першая, з якой ён пагаджаецца, – гэта рост прадукцыйнасці працы ў тыя гадзіны, якія застаюцца пасля скарачэння.
«Ёсць некалькі даследванняў, якія паказваюць, што калі да шасці гадзінаў і да чатырох дзён скарачаецца, то вынік працы даволі блізкі да таго, які будзе пры больш стандартнай схеме», – сказаў эканаміст.
Тым не менш, на яго думку, такія высновы не датычаць усіх сфераў і краінаў, а толькі найбольш прасунутых – тых, дзе патрабуецца менавіта інтэлектуальная канцэнтрацыя. І менавіта таму чатырохдзённы працоўны тыдзень мае сэнс у Ісландыі, якая належыць менавіта да такіх краінаў.
Другім аргументам, які ўжываецца ў якасці аргументацыі скарачэння працоўнага графіку, Зміцер Крук назваў аўтаматызацыю, развіццё тэхналогіяў, у тым ліку робататэхнікі і апошнім часам штучнага інтэлекту, якія ў шмат якіх галінах могуць замяніць патрэбу ў чалавечай працы. Аднак эканаміст нязгодны з тым, што гэтым варта карыстацца, каб скарачаць колькасць працоўных гадзінаў.
Чалавек можа стаць непатрэбным
Спасылаючыся на меркаванні сёлетняга лаўрэата Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы Дарона Аджэмоглу, суразмоўца адзначыў, што развіццё тэхналогіяў павінна кіравацца той самай логікай, што і ў мінулыя 200-300 гадоў: змяняць працоўныя задачы, якія выконваюць працаўнікі, а не скарачаць неабходнасць задзейнічаць чалавечую працу.
,,«Выснова, што чалавек апрыёры робіцца непатрэбным, як мінімум не бясспрэчная, бо мы можам накіроўваць прагрэс такім чынам, каб менавіта змяняліся задачы, якія можа выконваць чалавек, а не адпасоўваць яго наагул», – сказаў эканаміст.
На яго думку, ідэя пра непатрэбнасць чалавечай працы ёсць небяспечнай, бо штурхае на «даволі хісткую глебу» рабіць стаўку на тыя тэхналогіі, якія робяць працу чалавека непатрэбнай. Гэта ўжо стварае «амаль экзістэнцыйны выклік сучаснаму грамадству».
«Калі чалавек пад такім нібыта добрым абгрунтаваннем будзе працаваць менш, гэта можа мець небяспечныя наступствы, што ён будзе выцясняцца з уплыву на грамадства і фактычна страчваць сваю ролю», – патлумачыў эканаміст сваю насцярожанасць адносна чатырыхдзённага працоўнага тыдня.
Прапанова, што пагаршае праблему
У якасці альтэрнатывы страты працоўных месцаў з прычыны развіцця тэхналогіяў прапануецца канцэпцыя безумоўнага базавага даходу (ББД) – рэгулярнай выплаты ўсім жыхарам краіны пэўнай сумы грошай, якая мусіла б пераадолець наступствы масавай страты працоўных месцаў, забяспечыць годны ўзровень жыцця, вызваліць час для творчасці і адукацыі ды стаць альтэрнатывай сістэме дзяржаўнага сацыяльнага забеспячэння.
На думку Змітра Крука, безумоўны базавы даход – гэта «фактычна падачка», якая дазваляе задавальняць базавыя патрэбы. Паводле яго, большасць людзей гэтым задаволяцца і ў выніку будуць выкінутыя з грамадства ў плане прыняцця палітычных рашэнняў і адстойвання сваіх эканамічных інтарэсаў. Больш за тое, заявіў эканаміст, ББД, фармальна развязваючы праблему страты працоўных месцаў, насамрэч будзе спрыяць развіццю менавіта тых практык, пры якіх чалавек непатрэбны.
«Усё большая колькасць людзей будзе паступова рабіцца непатрэбнымі. Гэта фактычна вяртанне ў стан Рымскай імперыі, калі людзям падкінуць хлеба і відовішч, а на астатняе яны няздатныя», – сказаў Зміцер Крук.

Суразмоўца падкрэсліў, што сучаснае грамадства пабудаванае вакол працы. Праз гэта стасункі ў грамадстве ў значнай ступені адлюстроўваюць падзел вакол таго, «кім ты працуеш, дзе працуеш і гэтак далей». І падсілкоўванне трэнду, што пазбаўляе працы чалавека, кідае выклік сучаснай структуры грамадства. У выніку гэтага, мяркуе эканаміст, можа сама меней утварыцца вялікая няроўнасць паміж тымі, хто атрымлівае толькі базавы даход, і тымі нешматлікімі, хто будзе кіраваць тэхналогіямі.
«То бок гэта некалькі адсоткаў супербагатых і вельмі вялікая шэрая маса. Канцэпцыя сярэдняга класу страчваецца наагул», – заключыў суразмоўца.
Накіроўваць тэхналогіі дзеля грамадства
Зміцер Крук падкрэсліў, што тэхналогіі самі ў сабе апрыёры не ўтрымліваюць прадвызначанасць таго, што праца чалавека не будзе патрэбная. Паводле яго, шмат залежыць ад таго, як будзе тэхналогія праектавацца і пасля ўвасабляцца. Уплываць на гэта, сказаў ён, можна праз падаткі, навуковае стымуляванне і іншае, каб у выніку атрымліваць найбольшую эканамічную і сацыяльную эфектыўнасць. Прынамсі да таго часу, як стане зразумела, як перабудаваць грамадства да новых рэаліяў.
Эканаміст адзначыў, што тэхналогія не павінна замяняць чалавека, а наадварот падвышаць прадукцыйнасць ягонай працы, спрыяць змяншэнню руціны і рабіць яго пасярэднікам у стасунках з машынай, каб можна было рабіць больш інтэлектуальную працу. Зміцер Крук падкрэсліў, што тэхналогіі мусяць развівацца на карысць людзей і грамадства, а не падрываць яго і не падштурхоўваць «нас ісці туды, дзе мы як мінімум не разумеем, куды мы патрапілі».
Пры гэтым эканаміст падкрэсліў: гаворка не пра стрымліванне развіцця тэхналогіяў, а пра яго накіроўванне – «проста адысці ад ідэалогіі, што тэхналогія дзеля самой сабе».
«Тэхналогія – гэта не вораг, але важна, каб мы разумелі, у якім кірунку яны развіваюцца. І захоўваць гэты верны кірунак – гэта таксама важная задача», – заявіў эканаміст.
Кажучы пра канкрэтныя сферы дзейнасці, на якія могуць паўплываць новыя тэхналогіі, Зміцер Крук адзначыў са спасылкай на даследаванне Сусветнага эканамічнага форуму, што сапраўды неўзабаве руцінную працу розных клеркаў, дробных менеджараў у банках і сферы паслугаў могуць пачаць выконваць значна меншая колькасць людзей з дапамогай штучнага інтэлекту ці нават проста чат-боты. Тут, паводле эканаміста, чакаюць значныя скарачэнні. Таксама істотнае прасоўванне новых тэхналогіяў у бліжэйшыя дзесяць гадоў чакаецца ў такіх галінах, як, напрыклад, кібербяспека, ІТ-сфера, гандаль і нават сельская гаспадарка.

Дзе ва ўсім гэтым Беларусь?
Беларусь жа пакуль застаецца адстае ад сучасных трэндаў, адзначыў Зміцер Крук. Нават да 2020 года яна не магла прэтэндаваць на лідарства ў сусветных прарыўных галінах, але хаця б ІТ была датычная да пэўных трэндаў.
«Але цяпер нават такая роля фактычна немагчымая, бо няма сувязяў ні з сусветным глабальным рынкам, ні з сусветнай адукацыяй, якія ёсць маторамі развіцця сучасных тэхналогіяў», – адзначыў ён.
Эканаміст адзначыў, што паводле сусветных рэйтынгаў у беларусаў заўжды была высокая гатовасць да ўспрыняцця новых тэхналогіяў, але цяпер рэалізацыя гэтай гатовасці робіцца ўсё цяжэйшай. Адбываецца гэта ў тым ліку таму, што сусветныя навінкі не даходзяць у Беларусь праз санкцыі. Шмат кампаніяў папросту не дазваляюць карыстацца сваім софтам у краіне, у выніку чаго даводзіцца карыстацца або састарэлымі праграмамі, або расейскім плагіятам. І гэта будзе рабіцца ўсё большай праблемай для Беларусі, сказаў Зміцер Крук.
Разам з тым, паводле яго, «рана ці позна, хоць з затрымкамі», тэхналогіі будуць пранікаць у краіну, як яны пранікалі ў СССР. Да таго ж у сённяшнім свеце ў заходніх краінаў няма манаполіі на выкарыстанне новых тэхналогіяў, шмат іх развіваецца ў тым ліку ў Кітаі і Індыі, адкуль яны таксама будуць пранікаць у Беларусь.
«Так, ёсць фактары, якія будуць цягнуць Беларусь уніз, але не будзе таго, каб яна ператварылася ў краіну, якая адстала ад свету на 100 гадоў. Проста будзем карыстацца не самым лепшым, трохі пашарпаным, дзесьці плагіятным і пірацкім», – сказаў ён.
У выніку, заявіў эканаміст, Беларусь хоць і будзе адставаць ад сучасных трэндаў, але «не на дзесяткі гадоў».
Макар Мыш belsat.eu