Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі анансаваў перамовы на тэму вайны РФ супраць Украіны ў фармаце «Ваймарскі трохвугольнік плюс».
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што ў аўторак, 19 лістапада, Варшава зробіцца цэнтрам найважнейшых размоваў на тэму вайны ва Украіне. У польскай сталіцы пройдзе сустрэча з удзелам міністраў замежных справаў у фармаце «Ваймарскага трохвугольніка плюс», паведамляе RMF24.
Гэтая сустрэча пройдзе па выніках размовы паміж канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным, што адбылася 15 лістапада.
Акрамя кіраўнікоў МЗС Францыі і Нямеччыны, у сустрэчы возьмуць удзел міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга і новая кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас.
Падчас брыфінгу, што праходзіў у Катавіцах, кіраўнік МЗС Польшчы таксама адзначыў, што «вельмі добра, што канцлер Нямеччыны амаль адразу паведаміў пра гэтую размову польскаму прэм’ер-міністру».
,,«З таго, што кажа канцлер Нямеччыны, вынікае, што ён прадставіў тое, з чым Польшча згодная. А менавіта тое, што ніякіх рашэнняў адносна Украіны нельга прымаць без яе», – перадае словы Сікорскага RMF24.
На пытанне аб тым, ці паразмаўляў бы сам Сікорскі з Уладзімірам Пуціным, міністр адказаў, што, калі б такая размова адбылася, то ён сказаў бы кіраўніку РФ перш за ўсё тое, што казаў расейскаму прадстаўніку ў Радзе бяспекі ААН: каб ён перастаў хлусіць свету і самому сабе пра гэтую вайну, а, па-другое, сказаў бы, што ў Расеі дастаткова зямель, таму не трэба заваёўваць землі сваіх суседзяў, і падкрэсліў бы, каб Пуцін забіраў свае войскі назад, у Расею.
Нагадаем, што 15 лістапада адбылася тэлефонная размова паміж канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным. Пуцін заявіў, што Расея ніколі не адмаўлялася ад перамоваў, і нагадаў пра расейскія прапановы, аднак настойваў на ўліку інтарэсаў Расеі, прызнанні новых тэрытарыяльных рэалій і ліквідацыі прычын канфлікту. Шольц, у сваю чаргу, заклікаў Пуціна спыніць вайну і вывесці войскі з Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў асцярогі, што такія перамовы могуць зацягнуць канфлікт і даць Расеі магчымасць узмацніць свае пазіцыі. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падкрэсліў, што ніякія рашэнні па Украіне не павінны прымацца без удзелу Украіны.
Раман Шавель belsat.eu