навіны

Прызначаная наймаладзейшая прэс-сакратарка Белага дому

Кэралайн Лівіт
Кэралайн Лівіт. Фота: Кэралайн Лівіт / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп, які перамог на выбарах у ЗША і станецца 47-м прэзідэнтам краіны, прызначыў прэс-сакратарку сваёй перадвыбарчай кампаніі Кэралайн Лівіт на пасаду прэс-сакратаркі Белага дому.

Кэралайн Лівіт 27 гадоў. Яна будзе наймаладзейшаю прэс-сакратаркаю за ўсю гісторыю Белага дому.

,,

«Я абсалютна ўпэўнены, што яна выдатна праявіць сябе на трыбуне і дапаможа данесці да амерыканскага народу нашае пасланне «Зробім Амерыку зноў вялікай», – заявіў Трамп.


Доналд Трамп падчас прамовы перад сваімі прыхільнікамі. Ўэст-Палм-Біч, Флорыда. 6 лістапада 2024 года. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images

Чаго чакаць беларусам ад прызначэнцаў Трампа?

Аналітыка

Падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа з 2017 да 2021 года Лівіт была памочніцаю прэс-сакратара. Пасля – дырэктаркаю ў камунікацыях кангрэсвумен Эліс Стэфанік, якую Трамп вылучыў амбасадаркаю ЗША ў ААН. У 2022 годзе Лівіт балатавалася ў Палату прадстаўнікоў ЗША ад Нью-Гэмпшыру, але прайграла. У 2024 годзе сталася галоўнаю прэс-сакратаркаю каманды Трампа на выбарах.


Сёлета ў ліпені Лівіт нарадзіла першае дзіця.


Раней Трамп зрабіў шэраг іншых і часам нечаканых намінацыяў на пасады. Кіраўніком Дзярждэпартаменту зробіцца, імаверна, 53-гадовы сенатар ад Флорыды, сын кубінскіх эмігрантаў Маркаў Руб’ёў. Ён будзе першым лацінаамерыканцам на чале ведамства.


Дарадцам у пытаннях нацыянальнай бяспекі Трамп прызначыць дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды 50-гадовага Майкла Ўолца. Ён былы спецназавец, ветэран вайны ў Афганістане, працаваў у Пэнтагоне, вядомы крытыкаю Расеі, Кітаю, Ірану.


На пасаду міністра абароны Трамп вылучыў вядоўцу кансерватыўнага тэлеканалу «Fox News» Піта Гэгсэта – былога вайскоўца, які служыў на базе ў Гуантанама, а потым у Іраку і Афганістане.


Кіраваць Нацыянальнай выведкаю будзе 43-гадовая Талсі Габард. Да 2022 года яна была ў Дэмакратычнай партыі, абіралася ў Палату прадстаўнікоў ад Гаваяў, перад папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі нават вылучала сваю кандыдатуру, аднак знялася на карысць Джо Байдэна. Аднак у выніку пакінула партыю, абвінаваціўшы Байдэна ў няслушнай міграцыйнай палітыцы і расколе краіны.


Габард ад самага пачатку вайны выступала супраць падтрымання Украіны.


Генеральным пракурорам можа стаць 42-гадовы кангрэсмен ад Флорыды Мэт Гейц, і ў самой Рэспубліканскай партыі здзівіліся гэтай прапанове Трампа, прыняўшы яе за жарт.


Акрамя таго, Трамп створыць новае міністэрства – Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE), якое ўзначаліць прадпрымальнік Ілан Маск.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10