Эксперты трэці дзень выказваюць самыя розныя здагадкі наконт спаткання палітзняволенай Марыі Калеснікавай з бацькам. Уласна, нават не столькі наконт самога факту гэтай сустрэчы (хаця ён, несумненна, вельмі важны, калі ўлічыць, што ад Марыі даўно не было ніякіх вестак), колькі таго, як гэтае спатканне паднеслі шырокай публіцы. Фота дачкі і бацькі было размешчанае на старонцы таго самага Рамана Пратасевіча, які зрабіўся правадніком дзяржпрапаганды. Галоўныя пытанні: з якой мэтай грамадскасці паказалі Марыю і чаму менавіта яе? Палітвязняў, з якімі даўно страчаная сувязь, сотні і сотні. І сярод іх ёсць вядомыя лідары партыяў і прафсаюзаў.
Але прапаганда зрабіла стаўку на персону Калеснікавай. А ўсяго якія чатыры з паловаю гады таму публіка не ведала пра існаванне ні Марыі Калеснікавай, ні Рамана Пратасевіча. Але калі Марыя свядома зрабіла свой крок да вядомасці, то Раман праславіўся супраць сваёй волі: 21 траўня 2021 года, калі прымусова пасадзілі самалёт, на якім ён вяртаўся з адпачынку. І Калеснікаву, і Пратасевіча затрымалі сілавікі. Але як па-рознаму склаліся іхныя лёсы!
Пра Марыю Калеснікаву і сёння вядома няшмат: 13 гадоў жыла ў Нямеччыне, спачатку вучылася ва Універсітэце музыкі ў Штутгарце, а потым выкладала ў класе флейты і ўдзельнічала ў музычных праектах. Некаторыя праекты ажыццяўляліся ў будынку старой фабрыкі, якую купіў «Газпром». У 2018 годзе Марыя пазнаёмілася там з Віктарам Бабарыкам. Ён тады ўзначальваў даччыную кампанію «Газпрома» і падтрымліваў культурныя праекты. Калі ў 2020 годзе Бабарыка заявіў пра сваё жаданне балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, Марыя ўзначаліла ягоны штаб. Але вядомасць Калеснікава набыла пасля арышту Віктара Бабарыкі, калі разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай зладзіла кампанію за правядзенне сумленных выбараў. Марыя палічыла за лепшае застацца ў краіне пасля таго, як Ціханоўская і Цапкала пакінулі Беларусь.
Сёння ніхто не можа дакладна сказаць, што адбылося на мяжы з Украінай 7 верасня 2020 года. Ва ўсялякім разе на наступны дзень пачала распаўсюджвацца вестка аб тым, што сілавікі спрабавалі сілком выправадзіць Марыю Калеснікаву з Беларусі на тэрыторыю Украіны, але Марыя на мяжы парвала свой пашпарт. Афіцыйна Дзяржпамежкамітэт паведаміў, што два прадстаўнікі Каардынацыйнай рады выехалі ва Украіну, а Марыю Калеснікаву затрымалі пры спробе перасекчы мяжу. Пра пашпарт не было ані слова. У той жа дзень у Менску некалькі тысяч жанчын прайшлі маршам ад Камароўскага рынку да перакрыжавання вуліцы Куйбышава і праспекту Машэрава з патрабаваннем вызваліць Марыю. Сілавікі брутальна разагналі марш. Жанчын збівалі на вачах у журналістаў і мінакоў, закідвалі ў аўтазакі. Пакуль затрыманыя адбывалі адміністратыўныя арышты, супраць Марыі Калеснікавай распачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы яе ў парушэнні некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Суд прыгаварыў Калеснікаву да 11 гадоў зняволення. Яе імя ўнеслі ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Вядома, што Марыю некалькі разоў адпраўлялі ў ШІЗА, а ў лістападзе 2022-га ёй зрабілі аперацыю ў звязку з прабадной язвай страўніка.
Пра Рамана Пратасевіча загаварылі толькі пасля прымусовай пасадкі самалёта. З таго моманту эпоха спынення палётаў не толькі ў Беларусь, але нават над яе тэрыторыяй звязаная з ягоным імем. Але ва ўладаў былі на Рамана свае планы, і прычынай гэтага быў ненавісны ім тэлеграм-канал «NEXTA». Няважна, што Раман на момант затрымання там не працаваў. Ён павінен быў сыграць сваю ролю ў прапагандысцкім шоу. І ён яе выканаў. «За добрыя паводзіны», а менавіта за публічнае прызнанне сваёй віны і ўхвалу палітыкі ўладаў, Пратасевіча памілавалі. Заадно ўлады яшчэ раз нагадалі грамадскасці, што ў краіне па-ранейшаму не да законаў.
Дык чаму ж цяпер менавіта на старонцы Пратасевіча ўлады паказалі спатканне Калеснікавай з ейным бацькам? У краіне столькі палітвязняў, з якімі няма ніякай сувязі! Людзі адрэзаныя ад вонкавага свету, дый «на зоне» адміністрацыя сочыць, каб стварыць для іх там яшчэ большую ізаляцыю. Можа быць, таму, што яна ўвасабляе пратэсты 2020-га і ейнае імя часцей за іншыя гучыць з высокіх трыбунаў? Дый Святлана Ціханоўская Марыю ведае асабіста, а з дзясяткамі іншых палітвязняў, імёны якіх добра вядомыя ў народзе, яна проста незнаёмая.
У любым выпадку Пратасевіч сваю ролю адыграў і са сцэны пакуль не сыходзіць. Але на што разлічваюць улады гэтым разам, паказваючы Марыю Калеснікаву? Магчыма, адказ крыецца ў словах ейнага бацькі: «Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, якое адкрылася, дзякуючы чаму і адбылася нашая сустрэча. Яна сказала, што будзе разважаць, будзе думаць». Ці маглі Марыі прапанаваць напісаць прашэнне аб памілаванні? Вядома, маглі. Але ж усе разумеюць, што прашэннем на паперцы ў гэтым выпадку не абысціся. Пратасевіч напісаў, што бацька Марыі прасіў пра спатканне Лукашэнку. Ну дык амаль год не было ані спатканняў, ані лістоў, не перадаюць пасылак, ды яшчэ і гучаць «расказы відавочцаў» пра тое, што Марыя так схуднела, што ледзь жывая. І зноў нам нагадалі пра законы, да якіх няма ніякай увагі. Цяпер нават такія пытанні, як спатканне са сваякамі, на што кожны зняволены мае законнае права, могуць вырашацца такім чынам.
Але што ж павінна зрабіць Марыя Калеснікава? Відаць, тое самае, што ў свой час Пратасевіч: раскаяцца на камеру, прызнаць, што не мела рацыі, і «адабрамс» у бок палітыкі ўладаў. Але трэба памятаць, што Марыя Калеснікава не збіралася пакідаць краіну. Яна зрабіла ўсё, каб застацца ў ёй. А з Раманам Пратасевічам усё адбылося зусім наадварот. Марыя хутчэй за ўсё павінна сказаць толькі некалькі словаў, і нават не трэба паўтараць пра «стальныя яйкі», бо гэта не з ейнай ролі, а ў кожнага павінен быць свой тэкст. Бо, як гаворыцца, «the show must go on». Тут і ўзгадваюцца словы героя Высоцкага пра следчага з «Інтэрвенцыі»: «Ён прапануе папяроску, потым прапануе жыццё. Папяроску можна ўзяць, а ад жыцця...» Але тады быў іншы час. Што праўда, і тады, і цяпер даводзіцца рабіць выбар. Калі нават меркаваць, што ў выніку псіхалагічнага ціску Марыя пагодзіцца на прапановы ўладаў, то ці будзе гэта мець той эфект, на які яны разлічваюць? Хіба ёсць яшчэ людзі, якія не разумеюць, якою цаною робяцца такія прызнанні? «Хлопотное это дельце», калі працытаваць словы іншага героя нашай сучаснасці, дарэчы, на тую самую камеру…
Любоў Лунёва belsat.eu