Журы літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча абвясціла імёны лаўрэатаў і пераможцаў. Сярод іх ёсць аўтары, імёны і назвы твораў якіх не раскрываюцца з увагі на бяспеку.
Радыё «Свабода» і Беларускі ПЭН вызначыліся з імёнамі пераможцаў і лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча, што прысуджаецца за творы, напісаныя аўтарамі, якія былі зняволеныя.
Асаблівасцю сёлетняга конкурсу было тое, што дзеля бяспекі арганізатары прадугледзелі для намінантаў або іхных сваякоў магчымасць не называць сапраўдных прозвішчаў, гарантаваўшы канфідэнцыйнасць.
У сувязі з гэтым імёны некаторых пераможцаў былі схаваныя пад псеўданімамі. Як падкрэсліваецца, сапраўдныя прозвішчы агучаць тады, калі для гэтага з’явяцца бяспечныя ўмовы.
Сёлета рада Беларускага ПЭНу вызначыла наступных пераможцаў:
• Віка Біран з кнігай «Я танцую» (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023);
• Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна);
• Дзяніс Івашын з «Цыклам турэмных вершаў».
Акрамя таго, лаўрэатамі прэміі за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, сёлета сталіся:
• Бервета Ірзвіцкая за цыкл вершаў (сапраўднае імя аўтаркі і назвы твораў не раскрываюцца);
• Мар’ян Зораў за вершы, напісаныя падчас зняволення (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не раскрываюцца).
Журы прэміі таксама адзначыла працу адной з намінантак: адмысловую ўзнагароду атрымала праваабаронца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак. Яна была ўганараваная за ўкладанне кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023» і шматгадовую дзейнасць у межах ініцыятывы «Беларуская турэмная літаратура», якая дапамагае данесці публіцы галасы палітвязняў.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча была заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-Цэнтрам і радыё «Свабода». Яна прысвечаная творам, напісаным у няволі. На прэмію могуць прэтэндаваць дакументальныя і мастацкія працы на беларускай або расейскай мовах – як апублікаваныя, так і рукапісы, дасланыя цягам года. Жанравых і тэматычных абмежаванняў няма.
Першым лаўрэатам прэміі ў 2013 годзе быў Ігар Аліневіч з кнігай «Еду в Магадан». У наступныя гады прэмію атрымлівалі Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фэлікс Пэкер, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп, Мікола Дзядок ды іншыя.
Раман Шавель belsat.eu