навіны

Самотны Менск просіць Еўразвяз паразмаўляць з ім пра мігрантаў

Максім Рыжанкоў на канферэнцыі ў Менску, 15 лістапада 2024 года. Фота: БелТА
Максім Рыжанкоў на канферэнцыі ў Менску, 15 лістапада 2024 года. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

У Менску пачалася міжнародная канферэнцыя на тэму нелегальнай міграцыі і прасоўвання рэгіянальнай супрацы ў развязанні гэтай праблемы. І хоць ніхто з заходніх краінаў на яе не прыехаў, гэта не перашкодзіла ўладам Беларусі ўвесь час звяртацца да іх.

Як заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, на канферэнцыю ў Менску не прыбылі дыпламаты з краінаў ЕЗ, у якія праз Беларусь ідуць мігранты з Афрыкі і Азіі.

«Чамусьці не хочуць абмяркоўваць і знаходзіць шляхі развязання гэтай праблемы. Каб знайсці шляхі вырашэння пытання, трэба садзіцца за стол перамоваў, весці дыялог, выпрацоўваць канструктыўныя супольныя крокі, арганізоўваць больш цеснае ўзаемадзеянне. Вядома ж, з краінамі-суседзямі – Польшчаю, краінамі Балтыі. Мы неаднаразова праз лініі МЗС, іншыя каналы прапаноўвалі абмяркоўваць, шукаць шляхі развязання. А яны ляжаць шмат у якіх плоскасцях», – сказаў ён.

Вальфовіч прызнаў, што Беларусь зрабілася асноўным калідорам для нелегальных мігрантаў на шляху ў ЕЗ, і заклікаў «супольна шукаць шляхі развязання гэтай праблемы».

Паводле яго, агульнай эфектыўнай працы ў гэтай сферы не спрыяюць санкцыі Захаду супраць уладаў Беларусі. Дзяржсакратар Савету бяспекі звярнуўся да сваіх калегаў з Польшчы, краінаў Балтыі і іншых дзяржаваў Еўропы, сказаўшы, што «Беларусь адкрытая да дыялогу ва ўсім спектры пытанняў, што датычаць рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі».

«Моня гатовая, засталося ўгаварыць Рокфэлера»

Пра неабходнасць вярнуцца да нармальных умоваў супрацы на мяжы з Еўрапейскім Звязам казаў і міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў. Паводле яго, «трэба класічнай Еўропе (Бруселю, сталіцам ад Лондану да Парыжу) задумацца і самім выйсці на нас».

,,

«Мы да гэтага гатовыя», – заявіў міністр.


«Калі Еўразвяз сам з гэтымі краінамі [адкуль паходзяць мігранты. – рэд. belsat.eu] усё развяжа, то праз нас ніхто не пойдзе, бо Беларусь не ёсць пунктам іх прыходу. Беларусь – гэта транзіт. Але калі Еўразвязу трэба тут (а гэта значна меншыя сродкі, чым выбудоўваць лінію на ўсім Усходзе, у Афрыцы і гэтак далей), значыць, трэба з намі размаўляць», – дадаў Рыжанкоў.

2 верасня міністр паведаміў, што ў лістападзе ў Беларусі плануецца правесці міжнародную канферэнцыю ў пытанні супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі, куды былі запрошаныя міністры краінаў Еўразвязу. Гэта ініцыятыва мусіла быць важнаю вяхою ў развіцці міграцыйнага крызісу, штучна створанага Аляксандрам Лукашэнкам у 2021 годзе: пагрозы і ўльтыматумы саступаюць месца запрашэнню да дыялогу. Але еўрапейскія дыпламаты яе праігнаравалі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10