Рэальныя даходы беларусаў у студзені – верасні павялічыліся на 9,4 % адносна аналагічнага перыяду 2023 года. Тэмпы росту гэтага паказніку зніжаюцца другі месяц запар.
Як паведамляе Белстат, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ўяўляюць сабою грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя да ўзроўню інфляцыі.
Паводле вынікаў васьмі месяцаў 2024 года рэальныя наяўныя даходы беларусаў выраслі на 9,7 %, сямі – на 9,9 %. То бок, іх рост на 9,4 % у верасні адлюстроўвае запаволенне іх росту.
У агульным аб’ёме даходаў заробак займае 65,6 %. Даходы ад прадпрымальніцкай ды іншай дзейнасці складаюць 7,8 %, пенсіі, дапамогі, стыпендыі ды іншыя трансферты ад дзяржавы – 21,9 %, даходы ад уласнасці ды іншыя – 4,7 %.
Намінальны налічаны сярэдні заробак у верасні склаў «бруднымі» 2313,8 рубля. Ён у Беларусі зніжаўся другі месяц запар пасля ліпеньскага рэкорду. У верасні ён зменшыўся на 27,3 рубля пасля зніжэння на 13,9 рубля ў жніўні.
Якуб Хруст belsat.eu