навіны

У Менску цяпер менш таксі на траціну, у Беларусі – на чвэрць

Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат
Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У «Яндэкс Go» распавялі пра маштабы скарачэнняў таксі, пасля таго як улады Беларусі з 1 лістапада ўвялі абавязковы рэестр перавознікаў.

«Паводле звестак нашага сэрвісу, у першыя дні працы рэестру колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася ў сярэднім на 25 % у краіне і на 35 % у Менску», – сказаў «Tochka.by» кіраўнік «Яндэкс Go» у СНД Кірыл Свінцоў.

У выніку, адзначыў ён, час чакання машыны павялічыўся, а кошт за паездку вырас. Паводле яго, пры той колькасці кіроўцаў, якія ўключаны ў рэестр і могуць цяпер выконваць замовы праз «Яндэкс Go», немагчыма забяспечыць ранейшы ўзровень коштаў і час падачы.

Што рабіць?


,,

«Вярнуць попыт і прапанову ў стан балансу (калі кіроўцаў на лініі дастаткова, каб выканаць усе бягучыя заказы) можна, толькі павялічыўшы колькасць кіроўцаў у рэестры і, адпаведна, у нашым сэрвісе», – сказаў Свінцоў.


Для гэтага, на ягоную думку, трэба ліквідаваць праблемы, што перашкаджаюць кіроўцам і перавознікам улучацца ў рэестр. У прыватнасці, змякчыць патрабаванні да абсталявання аўтамабіля, «бо выдаткі на рыхтаванне ўсяго неабходнага для ўваходжання ў рэестр для шмат якіх кіроўцаў перавышаюць іх месячны даход».

Таксама дапамагчы спрасціць улучэнне ў рэестр магло б увядзенне статусу самазанятасці для кіроўцаў. Акрамя таго, важна ліквідаваць тэхнічныя праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца пры рэгістрацыі ў рэестры.

Свінцоў падкрэсліў, што кампанія вядзе дыялог з Мінтрансам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Падаражэла ўдвая, паболела кіроўцаў-мігрантаў»: рынак таксі зазнаў глабальныя змены

навіны

1 лістапада пачалі дзеяць новыя правілы пасажырскіх нерэгулярных перавозаў. Працаваць дазволена толькі тым, хто зарэгістраваўся ў адмысловым рэестры. Калі ж зловяць таксіста, які працуе без рэгістрацыі ў рэестры, парушэнне будуць разглядаць як «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», а гэта пагражае нават канфіскацыяй аўта.

Улады неабходнасць новых правілаў абгрунтоўваюць клопатам пра бяспеку пасажыраў і жаданнем цалкам легалізаваць рынак, каб усе спраўна плацілі падаткі і не хавалі прыбытак. Дарэчы, цяперашняя «нармалізацыя» перавозаў можа стаць не апошнім крокам уладаў: надоечы міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прызнала «Яндэкс Go» манапалістам на рынку таксі. На агрэгатара з усяе моцы абрынулася антыманапольнае заканадаўства Беларусі.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10