Стары-новы прэзідэнт ЗША назваў кандыдатаў на галоўныя дзяржаўныя пасады. «Белсат» спытаў амерыканіста Антона Пянькоўскага, ці зменяць новыя чыноўнікі стратэгію адносна Беларусі.
Інаўгурацыя Доналда Трампа запланаваная на 20 студзеня, але ўжо цяпер 47-ы прэзідэнт ЗША выбірае будучых урадоўцаў.
Галоўную вонкавапалітычную пасаду – кіраўніка Дзярждэпартаменту – зойме, імаверна, 53-гадовы сенатар ад Флорыды, сын кубінскіх эмігрантаў Марка Рубіё. Ён стане першым лацінаамэрыканцам на чале ведамства.
Яго называюць ястрабам – палітык вядомы рэзкай крытыкай уладаў Кітаю, Ірану, Кубы.
Дасведчаны ён і ў беларускіх справах. У верасні 2020 года Рубіё падтрымаў рэзалюцыю Сената ЗША з асуджэннем гвалту ў дачыненні мірных пратэстоўцаў і з заклікам да санкцыяў супраць «адказных службовых асобаў».
У дакуменце прэзідэнцкія выбары 2020 года названыя несвабоднымі і недэмакратычнымі, згадваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў, а таксама катаванні затрыманых.

Праз два гады Рубіё падтрымаў яшчэ адну рэзалюцыю Сената з заклікам да вызвалення ў Беларусі ўсіх палітвязняў, да новых выбараў паводле міжнародных стандартаў, з асуджэннем рэпрэсіяў і з адмоваю лічыць Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам.
9 жніўня сёлета Марка Рубіё ў сваім акаўнце ў сацсетцы X.com напісаў:
,,«У гэты дзень мы прыгадваем гістарычныя і мірныя пратэсты ў Беларусі 4 гады таму. ЗША падтрымоўваюць беларусаў, якія працягваюць супраціўляцца рэжыму Лукашэнкі, які заявіў пра сваю перамогу на сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах».
Палітык пакідаў допісы і на леташнюю гадавіну тых выбараў, пісаў пра справу Рамана Пратасевіча, пра прысуд журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, пра палітзняволенага блогера Ігара Лосіка.
Акрамя таго, Рубіё выказваў салідарнасць Польшчы ў разгар міграцыйнага крызісу, напісаўшы, што «дыктатар Лукашэнка выкарыстоўвае масавую міграцыю ў спробе дэстабілізаваць польска-беларускую мяжу ў сваіх палітычных мэтах».
Падчас выступу ў Сенаце ў сёлетнім лютым Рубіё назваў Беларусь «тэарэтычна незалежнай краінаю», кіраўніцтва якой, аднак, «нічога не робіць без Уладзіміра Пуціна».
«Насамрэч, калі Пуцін пастанавіў размясціць у Беларусі войскі і ядравую зброю, Беларусь не мела права сказаць: “Мы не жадаем, каб вы гэта рабілі”», – сказаў тады палітык.
Ён таксама адзначаў, што, калі Украіну пакінуць без дапамогі, то «расейцы змаглі б заключыць угоду, у выніку якой мы б атрымалі Украіну, падобную на Беларусь: з марыянетачным урадам і істотнай часткай тэрыторыі, што належыць Расеі».
Зрэшты, напачатку года Рубіё галасаваў у Сенаце супраць пакета дапамогі Украіне на $ 95 млрд, а ў нядаўніх інтэрв’ю канстатаваў, што Кіеў мае ісці на перамовы з Масквою і не зацыклівацца на вяртанні акупаваных тэрыторыяў.
Дарадцам у пытаннях нацыянальнай бяспекі Трамп прызначыць дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды 50-гадовага Майкла Ўолца. Ён таксама лічыцца ястрабам: былы спецназавец, ветэран вайны ў Афганістане, працаваў у Пэнтагоне, вядомы крытыкаю Расеі, Кітаю, Ірану. Расею, напрыклад, называў бензакалонкаю з ядравай зброяй.
Ўолц падтрымоўвае заявы Трампа аб неабходнасці найхутчэйшага заканчэння вайны ва Украіне. На меркаванне палітыка, Крэмль можна прымусіць да перамоваў новымі санкцыямі супраць расейскай нафты і зняццем абмежаванняў на абстрэл краіны-агрэсара далёкабойнымі ракетамі.
Акрамя таго, будучы дарадца згодны з патрабаваннем да еўрапейскіх краінаў павялічыць выдаткі на абарону: «Злучаныя Штаты мусяць ясна даць зразумець, што нашым хаўруснікам час інвеставаць ва ўласную бяспеку».

На пасаду міністра абароны Трамп вылучыў вядоўцу кансерватыўнага тэлеканалу «Fox News» Піта Гэгсэта – былога вайскоўца, які служыў на базе ў Гуантанама, а потым у Іраку і Афганістане. «З Пітам ля стырна ворагі Амерыкі папярэджаныя: нашыя вайскоўцы зноў стануць вялікімі, і Амерыка ніколі не адступіць», – так абраны прэзідэнт прэзентаваў кандыдата.
Гэгсэта называюць даўнім прыхільнікам Трампа, які ўсцяж падтрымоўвае ўсе ягоныя ініцыятывы. Пры гэтым у Пэнтагоне, паводле выдання «The Guardian», былі шакаваныя такім кадравым рашэннем, бо ў новага міністра няма кіроўнага досведу, да таго ж ён заклікаў да «чыстак» генералаў за палітыку разнастайнасці.
У 2019 годзе ў эфіры «Fox News» Гэгсэт заявіў, што цягам 10 гадоў не мые рукі, бо «мікробаў не існуе». Як растлумачыў вядоўца, інфекцыйных мікраарганізмаў няма, таму што іх нельга ўбачыць няўзброеным вокам. Праўда, потым Гэгсэт сказаў, што проста пажартаваў.

Кіраваць Нацыянальнай выведкай будзе 43-гадовая Талсі Габард. Да 2022 года была ў Дэмакратычнай партыі, абіралася ў Палату прадстаўнікоў ад Гаваяў, перад папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі нават вылучала сваю кандыдатуру, аднак знялася на карысць Джо Байдэна. Аднак у выніку пакінула партыю, абвінаваціўшы яго ў няслушнай міграцыйнай палітыцы і расколе краіны.
Габард ад самага пачатку вайны выступала супраць падтрымання Украіны. Яна называла законнымі асцярогі Крамля, выкліканыя планамі далучэння краіны да NATO, і ўзброенага канфлікту, на яе меркаванне, можна было б пазбегнуць, калі б Байдэн разам з альянсам «прызналі б гэта». Яна таксама сцвярджала, што «адміністрацыя Байдэна мусіць пазбавіцца ад мэты аслаблення Расеі».
За «распаўсюд расейскай прапаганды» і «замах на тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны» палітыка нават залучылі ў базу «Миротворець». Там яе называюць імавернай агенткаю расейскіх спецслужбаў.

Генеральным пракурорам можа стаць 42-гадовы кангрэсмэн ад Флорыды Мэт Гетц, і ў самай Рэспубліканскай партыі здзівіліся гэтай прапанове Трампа, палічыўшы яе за жарт, піша «The Associated Press».
Менавіта Гетц летась ініцыяваў адстаўку рэспубліканца Кэвіна Маккарці з пасады спікера Палаты прадстаўнікоў, калі той дамовіўся з абедзвюма партыямі аб часовым бюджэце краіны, прадухіліўшы «шатдаўн».
Маккарці тады казаў, што «адзін кангрэсмэн» дзякуючы гэтай гісторыі здолеў адцягнуць увагу ад секс-скандалу. Справа ў тым, што ў 2020 годзе супраць Гетца пачаўся разбор праз абвінавачванні ў гандлі людзьмі з мэтаю сексуальнай эксплуатацыі. Яго западозрылі ў фізічнай блізкасці за грошы з 17-гадовай дзяўчынаю.
Мінюст следства спыніў, не выстаўляючы абвінавачванняў, пры гэтым этычны камітэт Палаты прадстаўнікоў справу да апошняга не закрываў. Гэта адбылося 13 лістапада аўтаматычна, калі Гетц падаў у адстаўку дзеля пасады генеральнага пракурора.
Трамп выказаў упэўненасць, што ягоны кандыдат «вынішчыць сістэмную карупцыю ў міністэрстве юстыцыі і верне ведамства да сапраўднай місіі: змагання са злачыннасцю, абароны нашай дэмакратыі і канстытуцыі».

Бадай, самыя істотныя для Беларусі намінацыі Доналда Трампа – дзяржаўны сакратар (аналаг нашага міністра замежных справаў) і дарадца ў пытаннях нацыянальнай бяспекі. Менавіта падчас мінулай кадэнцыі рэспубліканца ў Менску віталі тагачаснага кіраўніка Дзярждэпу Майка Пампэа і дарадцу ў пытаннях бяспекі Джона Болтана.
Аднак жа цяпер чакаць у Беларусі новых асобаў на гэтых пасадах не выпадае, мяркуе амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Антон Пянькоўскі. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што нашая краіна зараз – па-за фокусам амерыканскай увагі:
«Я не бачу значных прыкметаў змены палітыкі Дзярждэпартаменту ў дачыненні Беларусі. Дзяржсакратар не займаецца ўсімі справамі ва ўсіх рэгіёнах адначасова. Мы зараз мусім вельмі ўважліва сачыць за людзьмі, якіх Рубіё прывядзе з сабою. Мяркую, будуць вялікія змены на ўзроўні ніжэй, на ўзроўні намеснікаў і дарадцаў. Гэтыя тыя людзі, якія больш дэталёва працуюць па розных рэгіёнах».
Візіты Болтана ў 2019 годзе і Пампэа ў 2020-м сталіся вынікам доўгай двухбаковай працы, «стратэгіі маленькіх крокаў» для пачатку дыялогу, падкрэсліў эксперт, а вось цяпер адпаведных умоваў «наагул няма».
,,«Гэтая стратэгія была зруйнаваная тым, што адбылося ў жніўні 2020 года. Зараз, гледзячы з амерыканскай оптыкі, Амерыка не можа нічога прапанаваць такога, каб адцягнуць рэжым Лукашэнкі ад залежнасці ад Крамлю».
Зрэшты, кантакты паміж МЗС Беларусі і Дзярждэпам усё ж захоўваюцца, упэўнены суразмоўца «Белсату». Ён назваў іх кулуарнымі. Лукашэнка ж хацеў бы публічнага дыялогу з амерыканцамі, тое ж віншаванне Трампа з перамогаю – акурат для прыцягнення ўвагі.
«Лукашэнку не надта заўважаюць у Вашынгтоне, таму што ўсе разумеюць, што бальшыня рашэнняў зараз прымаюцца ў Крамлі, а Лукашэнка на другіх ролях, і ён залежны ад палітыкі Крамлю», – сказаў Пянькоўскі.
Дый агулам цяпер не да Беларусі, разважае аналітык. У свеце стае прыярытэтных для ЗША праблемаў:
«Уся ўвага прыцягнутая да Украіны, гэта адно з пытанняў, што абмяркоўваюцца пры кожнай намінацыі. Украіна – пытанне нумар адзін з пункту гледжання бяспекі і выдаткаў на гэтую вайну. Трамп факусуецца на эканоміцы і тое, што ён шмат кажа пра Украіну, ён гэта робіць таксама для амерыканскага грамадства, якое вельмі зацікаўленае ў сканчэнні вайны».
Шмат што залежыць і ад дэмакратычных сілаў Беларусі. «Яны маюць некалькі месяцаў, каб распрацаваць стратэгію, што будзе датычыць новай адміністрацыі, новых прызначэнцаў, каб зрабіць пэўную адвакацыю і падвысіць інтарэс амерыканскай дзяржавы да Беларусі», – падкрэсліў адмыслоўца.
Ён, дарэчы, нагадаў, што ўсе прапанаваныя Трампам кандыдаты, акрамя дарадцы ў пытаннях бяспекі, маюць быць ухваленыя ў Кангрэсе. І нягледзячы на тое, што парламент кантралююць рэспубліканцы, без сюрпрызаў можа не абысціся, і некага з намінантаў адхіляць:
«Доналд Трамп – не ўся Рэспубліканская партыя, кангрэсмэны могуць мець розныя погляды, якія могуць адрознівацца ад меркавання Трампа. Напрыклад, могуць узнікнуць пытаннечкі наконт Гэгсэта, наконт ягонага бэкграўнду. Ягоная кандыдатура на пасаду кіраўніка Пэнтагону будзе разглядацца вельмі ўважліва».
Сцяпан Кубік belsat.eu