навіны

Сусветны дзень барацьбы з цукровым дыябетам: ці магчымая перамога?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына правярае ўзровень глюкозы ў крыві. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына правярае ўзровень глюкозы ў крыві. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Цукровы дыябет – адна з самых распаўсюджаных хранічных хваробаў у свеце, штогод ад яе цярпяць мільёны людзей. Захворванне не выбірае ні ўзросту, ні статусу чалавека, а лячэнне і прафілактыка дыябету застаюцца глабальным выклікам. Як змагацца з хваробаю і чым яна небяспечная, запыталі ў нашых адмыслоўцаў.

23-гадовая Вікторыя – маладая дзяўчына з працай, сябрамі і захапленнямі, але за ейным звыклым жыццём стаіць пастаянная барацьба. Чатыры гады таму Вікторыі паставілі дыягназ – цукровы дыябет першага тыпу (гэта калі арганізм амаль не выпрацоўвае інсуліну). Такі дыябет звычайна развіваецца ў дзяцей і маладых людзей.

«Калі я пачула дыягназ, было ўсё нармальна. Я не сумавала, не білася ў істэрыцы, не плакала. Прыняцце прыходзіла паступова, усведамляла жахі і паступова іх прымала», – распавядае Вікторыя.

Сама дзяўчына расказвае, што спачатку ёй было складана адаптавацца. Часам ёй даводзіцца адмаўляцца ад улюбёных прысмакаў, трэба разлічваць порцыі і час ежы, пазбягаць эмацыйных перагрузак.

,,

«Рэгулярная фізічная актыўнасць – яна дапамагае клеткам лепш прымаць інсулін. Дыябетык у ідэале – ён павінен быць мегапрыхільнікам здаровага ладу жыцця. Спорт, рэгулярны ранішні пад’ём, здаровае разнастайнае харчаванне, баланс. Ці не есці шмат салодкага і іншага. Гэта сапраўды дапамагае, вельмі працуе. Можа, усё гэта не вылечыць дыябету, але прыкметна паляпшае якасць жыцця, хоць гэта цяжка выконваць», – адзначае Вікторыя.


Педыятр Міхаіл Самборскі называе сімптомы хваробы: падвышаны апетыт, падвышаная колькасць мачы (хворыя часта ходзяць у прыбіральню ўдзень і ўначы). Таксама з’яўляюцца розныя раны, язвачкі, якія доўга не гояцца.

Другі тып цукровага дыябету – гэта калі арганізм вырабляе інсулін, але клеткі слаба на яго рэагуюць і ўзровень цукру ў крыві павышаецца. Ён больш распаўсюджаны сярод дарослых.

Цукровы дыябет небяспечны сваімі ўскладненнямі. Перадусім цярпяць крывяносныя судзіны, можа дайсці да ішэмічнай хваробы сэрца і ныркавай няздатнасці. Са звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, кожная дзясятая асоба, старэйшая за 18 гадоў, мае цукроўку. Паводле сёлетняй статыстыкі, гэта больш за паўмільярда людзей ува ўсім свеце. Аднак пры правільнай прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і якасным лячэнні хворыя могуць пазбегчы ўскладненняў і значна палепшыць якасць свайго жыцця.

«Галоўная рызыка – гэта падвышаная маса цела чалавека, атлусценне. Патрэбны кантроль вагі, нармальнае правільнае харчаванне, фізічная актыўнасць. Гэта вельмі ўплывае на рызыку захворвання на цукровы дыябет», – кажа педыятр.

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, на пачатак гэтага года ў нашай краіне пад медычным наглядам былі амаль 380 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам. Штогадовы прырост складае каля 8 %.

За апошнія 20 гадоў колькасць хворых на цукроўку павялічылася ўтрая. Цукровы дыябет – гэта не прысуд, з ім можна жыць паўнавартасным жыццём, калі выконваць рэкамендацыі дактароў. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына-дыябетык правярае ўзровень глюкозы. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына-дыябетык правярае ўзровень глюкозы. Фота: Freepik

Доктарка-нутрыцыёлаг Алеся Трыфан раіць выбіраць цэльназерневыя прадукты і клятчатку. Гэта можа быць агародніна, садавіна, крупы, бабовыя, арэхі:

,,

«Клятчатка запавольвае ўсмоктванне вугляводаў і тым самым забяспечвае плаўнае павелічэнне цукру, без рэзкіх скокаў. Пажадана скараціць колькасць насычаных тлушчаў у рацыёне, такіх як чырвонае мяса, какосавы, пальмавы алей ды іншыя».


Правільнае харчаванне пры дыябеце дапамагае падтрымліваць стабільны ўзровень цукру ў крыві і паляпшае агульны стан здароўя. Пры магчымасці любыя змены ў харчаванні пры гэтай хваробе варта абмяркоўваць з доктарам ці дыетолагам.

«Своечасовыя прыёмы ежы, іх можа быць 4-5, і ўмераныя порцыі дапамагаюць падтрымліваць стабільны ўзровень цукру і пазбягаць шмат праблемаў і з вагой, і са здароўем. І наадварот, пропускі ежы, вялікія перапынкі паміж прыёмамі ежы могуць правакаваць скокі цукру ў крыві ды іншыя непажаданыя наступствы», – зазначыла доктарка-нутрыцыёлаг Алеся Трыфан.

Паводле ж Вікторыі, жыццё з цукровым дыябетам – не прысуд, а выклік. Цяпер яна вядзе паўнавартасны лад жыцця і стараецца падтрымліваць здароўе з дапамогай правільнага харчавання. Своечасовы зварот да лекара і правядзенне дыягностыкі цукровага дыябету – ключавое для захавання здароўя і кантролю над хваробаю.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Павел Алейнікаў, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10