навіны

Новае расследаванне «Бюро медыя»: беларусы робяць чыпы для расейскіх дронаў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Журналісты «Бюро медыя» раскрылі чарговую схему для абыходу санкцыяў. Паводле расследавальнікаў, латвійская кампанія для вытворчасці мікрасхемаў пад кіраўніцтвам беларуса магла наладзіць продаж сваёй прадукцыі ў Расею. Як бізнесоўцу ўдалося абысці санкцыі, распавялі расследавальнік «Бюро медыя» Алесь Ярашэвіч і кіраўнік праграмаў бяспекі цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

Бізнес беларуса Сяргея Хвалька для вытворчасці міхрасхемаў у Латвіі і Беларусі трапіў пад пільнае вока расследавальнікаў «Бюро медыя». Журналісты лічаць, што бізнесовец з партнёрамі можа таемна прадаваць чыпы расейскім вайсковым прадпрыемствам.

Расследавальнік «Бюро медыя» Алесь Ярашэвіч сцвярджае, што Сяргей Хвалько – гэта галоўны чалавек у кампаніі і даўно на гэтым рынку: 

,,

«Спачатку ён займаўся продажам мікрасхемаў, пасля разам з партнёрамі наладзіў уласную вытворчасць у Даўгаўпілсе, у суседняй Латвіі, яны там з 2017 года працуюць».


Фірма Сяргея Хвалькa «SMD Baltic» мае падатковыя льготы ў Латвіі, атрымлівае датацыі Еўразвязу як прадпрыемства для вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі. Да вайны кампанія афіцыйна прадавала мікрасхемы ў Расею, пасля – публічна асудзіла ваенную агрэсію і заявіла, што перастала прымаць замовы з Расеі і Беларусі. Тое самае сказаў расследавальнікам і сам Сяргей Хвалько:

«З вайной мы не працуем. Гэта нашая прынцыповая пазіцыя. Я разумею, што вам патрэбная сенсацыя, а тут людскія лёсы. Дапусцім, цяпер там [у Даўгаўпілсе] завод зачыніцца, а ў нас дзяўчынка працуе, ейны мужык – на бетонным заводзе. У іх трое дзяцей. Куды яны з’едуць?! Мы ўсё выдатна разумеем. Ёсць пэўныя маральныя складнікі».

Але, на думку расследавальнікаў, кампанія «SMD Baltic» магла працягнуць продаж мікрасхемаў у Расею праз беларускіх пасярэднікаў. Адна з такіх кампаніяў завецца «Мікрамаўнт», таксама належыць Сяргею Хвальку і раней мела назву «SMD BY».

«Яны там наладзілі вытворчасць і ўжо даўно займаюцца пастаўкамі электронных плат у Расею. Іх буйны кліент – гэта такі расейскі буйны вытворца дронаў, які завецца «Геоскан», і ў гэтай кампаніі ёсць доля ў фондзе, які ўзначальвае дачка Пуціна Кацярына Ціханава», – кажа Алесь Ярашэвіч.

«Геоскан» застаецца пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу менавіта як вытворца беспілотнікаў, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Паводле мытных дэкларацыяў, якія знайшлі журналісты-расследавальнікі, кампанія «Мікрамаўнт» з ліпеня 2023 да чэрвеня 2024 года прадала «Геоскану» электронныя кампаненты на 1,2 млн долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Кіраўнік праграмаў бяспекі цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук упэўнены, што існуе цэлае ўпраўленне вайскова-тэхнічнага кірунку, якое займаецца якраз стварэннем схемаў нелегальнай ці паўлегальнай закупкі камплектавальных вырабаў для расейскай вайсковай прамысловасці праз трэція краіны.

Паводле «Бюро медыя», цяпер латвійская кампанія можа адпраўляць свае мікрасхемы ў Расею праз кампаніі ў Казахстане, Турцыі, Кітаі і Гон-Конгу. Цікава, якою будзе рэакцыя латвійскіх уладаў на гэтае расследаванне?

,,

«Выявіць абыход санкцыяў – гэта палова справы, другое – заблакаваць такую злачынную дзейнасць. Больш за тое, другі складнік тут – гэта праца для спецслужбаў. Звычайна такія расследаванні становяцца адпраўной кропкай для працы контрвыведных органаў», – кажа Паўло Лакійчук.


Іншыя ўдзельнікі шэрай схемы для абыходу санкцыяў – смаленская «Новая электронная компания» і менскі «СкайГлобал». Больш падрабязна пра гэта можна даведацца з расследавання «Бюро медыя».

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10