Служба бяспекі, Дзяржаўнае бюро расследванняў і Генеральная пракуратура Украіны заявілі, што сабралі доказы дзяржаўнай здрады з боку дзейнага народнага дэпутата.
Хоць імя падазраванага не паведамляецца, мяркуючы з фота, гэта Яўген Шаўчэнка. РБК-Украіна са спасылкаю на ўласныя крыніцы таксама ўказвае на яго.
Шаўчэнка быў вядомы прарасейскаю пазіцыяй яшчэ да паўнамаштабнай вайны. Гэтак, у 2021 годзе ён апублікаваў недакладную інфармацыю пра адсутнасць пагрозы ўварвання Расеі з тэрыторыі Беларусі. Пасля масава распаўсюджваў расейскую прапаганду наконт падзеяў ва Украіне, неаднаразова наведваў Беларусь, дзе размаўляў з Лукашэнкам і наладжваў схемы закупу для падкантрольных яму кампаніяў электраэнергіі і аміячных угнаенняў за заніжаны кошт. У 2020-м павіншаваў Лукашэнку з «перамогаю» на выбарах.
А ў лістападзе 2024 года Шаўчэнка заклікаў прэзідэнта Украіны да перамоваў з Расеяй і заявіў, што нібыта напісаў ліст Доналду Трампу і Джэй Ды Вэнсу «з спрыяннем у спыненні аўтарытарызму і дыктатуры ў палітычным жыцці Украіны».
Пводле закону, Шаўчэнку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Тэса Анэйда belsat.eu