Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада, наведваючы абноўлены стадыён «Трактар», расказаў, як ідзе збор подпісаў, чаму адмовіліся збіраць подпісы некаторыя прэтэндэнты, і зноў заявіў, што жанчына не можа кіраваць Беларуссю.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што за ягонае вылучэнне нібы ўжо сабраныя больш за 700 тысяч подпісаў. Але яму было не да таго – трэба было шмат ездзіць па краіне і за мяжу, а таксама пракантраляваць завяршэнне ўборачнай кампаніі.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што прапаноўваў ужо завяршыць збор подпісаў за сябе, але кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой адзначыў, што людзям трэба даць магчымасць падтрымаць яго.
Палітык таксама пракаментаваў выхад з выбарчай кампаніі былой прэс-сакратаркі МУС, а цяпер галоўнага ідэолага Менску Вольгі Чамаданавай і старшыні Рэспубліканскага савету Беларускага саюзу афіцэраў Сяргея Бобрыкава. Маўляў, ён прыхільнік, каб усе партыі, буйныя грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў. У выніку гэта зрабілі і Чамаданава з Бобрыкавым.
,,«Нармальныя людзі. Вядома, яны прыхільнікі прэзідэнта. І яны ішлі, маўляў, мы ведаем, што прэзідэнт выйграе, але мы не дамо яго пакрыўдзіць. Нібы мяне нехта мог пакрыўдзіць. А потым паглядзелі, паглядзелі: унутры арганізацыяў не вельмі гэта разумеюць. І яны: лепш мы здымаемся», – зазначыў Лукашэнка.
Палітык чарговы раз заявіў, што жанчына не можа кіраваць Беларуссю, бо «прэзідэнтам не становяцца – прэзідэнтам нараджаюцца». Паводле яго, «у чалавека ад прыроды мусяць быць фундаментальныя якасці, якія яму спатрэбяцца як прэзідэнту», а ў жанчын такіх якасцяў няма – «у нас не цырыманіяльная гэтая пасада».
На сёння на пасаду прэзідэнта Беларусі фармальна збіраюцца пяцёра чалавек. Апроч Лукашэнкі, гэта лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, дырэктар «БелНІІПгорадабудаўніцтва» Аляксандр Хіжняк, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі, дзейны дэпутат Сяргей Сыранкоў.
Якуб Хруст belsat.eu