навіны

Еўразвяз патрабуе вызваліць Калеснікаву

Марыя Калеснікава падчас спаткання з бацькам. Фота: Tatsiana Khomich / X
Марыя Калеснікава падчас спаткання з бацькам. Фота: Tatsiana Khomich / X
podpis źródła zdjęcia

Прадстаўнік замежнапалітычнай службы Еўрапейскага Звязу Пэтэр Стана ў сацыяльнай сетцы X пракаментаваў сустрэчу бацькі Марыі Калеснікавай з ёю.

Марыя Калеснікава. Фота: тэлеграм-канал Рамана Пратасевіча
Ціханоўская пра Калеснікаву: «Шчаслівая бачыць тваю ўсмешку» навіны

«Еўразвяз рады, што вызваляюць групу палітычных зняволеных і што пасля больш як 600 дзён інкамунікада Марыя Калеснікава нарэшце здолела сустрэцца са сваім бацькам. Яе трэба вызваліць», — заявіў Пэтэр Стана.

Палітык таксама заклікаў «рэжым Беларусі даць доступ да ўсіх палітычных вязняў і неадкладна вызваліць іх».

Як праходзіла спатканне

Аляксандр Калеснікаў 12 лістапада спаткаўся з дачкой, ад якой не было ніякіх вестак больш за 600 дзён. Да сям’і даходзіла інфармацыя, што палітзняволеная схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см, сваякі хваляваліся за ейнае жыццё і здароўе.

Былы палітычны вязень, а цяпер праўладны блогер Раман Пратасевіч апавёў, што неаднаразова сустракаўся і камунікаваў з бацькам палітзняволенай, пакуль яны «ўрэшце сышліся на тым, што ён напісаў зварот на імя кіраўніка дзяржавы». Пратасевіч сцвярджае, што «скарыстаўся сваймі кантактамі», каб ліст дайшоў да Аляксандра Лукашэнкі. Дазвол ад яго быў атрыманы за дзень да паездкі, і Калеснікаў «літаральна за некалькі гадзінаў» паспеў сабраць перадачу для дачкі.

І гэта пры тым, што спатканні са зняволенымі, паводле беларускіх законаў, не нейкі надзвычайны бонус, на які патрэбны дазвол асабіста Лукашэнкі. Паводле арт. 83 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, асуджаным мусяць даваць кароткатэрміновыя спатканні на чатыры гадзіны і доўгатэрміновыя спатканні да трох дзён. Артыкулы 118–128 КВК рэгулююць колькасць спатканняў у розных умовах зняволення. Артыкулы 112 і 118 КВК дазваляюць пазбаўляць спатканняў «за парушэнні вызначанага парадку адбывання пакаранняў». Гэта выкарыстоўваюць для поўнага пазбаўлення спатканняў. Разам з тым, шэрагу палітвязняў не дазваляюць нават ліставацца са сваякамі, змяшчаючы ў так званы рэжым інкамунікада, што парушае арт. 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь абавязвалася выконваць.

Калеснікаў на відэа Пратасевіча расказаў, што Марыя «на момант сустрэчы адчувала сябе бадзёрай, прыгожай». У інтэрв’ю AP ён заявіў, што не можа каментаваць больш, бо ўлады дазволілі кароткую сустрэчу толькі пры ўмове, што ён не раскрые ніякіх іншых падрабязнасцяў. Бацька таксама сказаў, што яны з дачкой абмяркоўвалі магчымасць звароту да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні.

Калеснікаў намякнуў, што іншым бацькам палітычных вязняў, якіх пакінулі без сувязі са зняволенымі, трэба «знаходзіць шляхі, каб такія сустрэчы былі магчымыя».

Пратасевіч пазней паведаміў, што «зоймаецца пытаннем» доступу сваякоў і адвакатаў да палітвязняў Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, кантактаваў з жонкаю Мікалая Статкевіча.

Марыю Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020 года і засудзілі на 11 гадоў калоніі. Ёй былі выстаўленыя абвінавачанні паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 357 КК («Змова з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам») і арт. 361.1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Марыю ўтрымліваюць у папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. У лістападзе 2022 года ёй зрабілі аперацыю пасля шпіталізацыі з перытанітам праз прабадную язву. Пры такім дыягназе неабходныя адмысловае харчаванне і асаблівая ўвага доктара.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10