Улады Беларусі прапрацоўваюць магчымасць павялічыць падатковую нагрузку ў краіне. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.
Чыноўнік адзначыў, што «падаткі ў абсалютным выражэнні будуць прырастаць» – як з прычыны індэксацыі рублёвых ставак, гэтак і таму, што прапановы ўладаў «цягнуць павелічэнне падатковай нагрузкі».
Гэтак, плануюць скасаваць інвестыцыйныя ільготы, якія раней даваліся на абкладанне дывідэндаў. Міністр нагадаў: калі дывідэнды 3 гады не размяркоўваюцца, то стаўка складае 6 %, калі 5 гадоў не размяркоўваюцца, тады 0 %. Аднак, паводле Юрыя Селіверстава, гэтыя захады «не далі належнага эфекту»:
«Таму мы прапануем гэта адмяніць. Але рабіць паэтапна. З 2026 года 6 % стаўку прыбраць і потым ужо нулявую прыбраць з 2028-га. Таму на наступным годзе гэта ніякім чынам не адаб’ецца».
Таксама чыноўнік паведаміў, што пашырыцца дадатковае падаткаабкладанне люксавых аўтаў. Плануюць адмовіцца ад таго, што люксавую машыну, калі яна старэйшая за 3 гады, не абкладаюць паводле 10-разовай стаўкі.
,,«Калі ў вас ёсць "Lamborghini" больш за 3 гады, то давядзецца плаціць таксама больш», – сказаў чыноўнік, дадаўшы, што такі «запыт паступае ад грамадства, і, напэўна, ён справядлівы».
У Беларусі ў сярэднім з поўнага заробку «бруднымі» больш як 43 % ідзе на падаткі. Пры гэтым ёсць праблема з празрыстасцю размеркавання падаткаў: дзяржава не дае дэталёвых справаздачаў, на што ідуць падаткі жыхароў, і не надта раіцца з жыхарамі, на што скіраваць грошы з падаткаў.
Якуб Хруст belsat.eu