Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў кандыдатуры новых чальцоў сваёй будучай адміністрацыі. У прыватнасці, ён вызначыўся з асобамі, якія будуць узначальваць Дзяржаўны дэпартамент, Міністэрства абароны і Нацыянальную выведку.
Прэзідэнт-элект прызначыў сенатара ад Флорыды Маркаў Руб'ёў на пасаду кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента ў сваёй будучай адміністрацыі. Ён стане першым лацінаамерыканцам на гэтай пасадзе. Раней Руб'ёў неаднаразова выступаў за ўзмацненне жорсткасці вонкавай палітыкі ЗША ў дачыненні «геапалітычных ворагаў», у тым ліку Кітаю, Ірану і Кубы. Але пры гэтым ён галасаваў супраць вылучэння Кангрэсам Кіеву апошняга пакету амерыканскай дапамогі.
Каментатарка тэлеканалу «Fox News» і былая кангрэсвумен Талсі Гэбард, вядомая як непрыяцелька вылучэння вайсковай дапамогі Украіне, атрымала пасаду кіраўніцы Нацыянальнай выведкі. 24 лютага 2022 года яна вінаваціла адміністрацыю Джо Байдэна ў агрэсіі Расеі, а ў 2017-м у Сірыі сустрэлася з прэзідэнтам гэтай краіны Башарам аль-Асадам.
Доналд Трамп таксама абвясціў прызначэнне ветэрана і вядоўцы «Fox News» Піта Гэгсэта на пасаду міністра абароны ЗША. Раней ён крытыкаваў хаўруснікаў ЗША ў NATO, лічачы іх недастаткова моцнымі, і папярэджваў пра рост уплыву Кітая ў Азіі. Пры гэтым выступаў супраць таго, «каб амерыканскае ўмяшанне занадта паглыблялася ў Еўропу, правакуючы [Уладзіміра Пуціна] да адчування, што той заціснуты ў кут».
Яшчэ адным прызначэнцам Трампа стаў кангрэсмен Мэт Гейц – яму прапанавана стаць генеральным пракурорам. Супраць яго былі падазрэнні ў незаконным перавозе дзяцей з мэтай сексуальнай эксплуатацыі. Міністэрства юстыцыі адмовілася выставіць яму абвінавачванні, аднак у дачыненні яго працягваецца расследаванне камітэту Палаты прадстаўнікоў у пытаннях этыкі.
Кандыдатуры кіраўнікоў новай адміністрацыі Трампа яшчэ мусіць зацвердзіць Сенат ЗША.
Тым часам Рэспубліканскай партыя абрала лідара сваёй фракцыі ў Сенаце ЗША. Ім стаў сенатар ад Паўднёвай Дакоты Джон Тун. Ён атрымаў большасць галасоў падчас таемнага галасавання, хоць блізкае атачэнне Трампа падтрымлівала іншую кандыдатуру.
Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 13 лістапада сустрэўся з дзейным прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Бакі абмеркавалі два пытанні, наконт якіх яны разыходзіліся ў мінулым: вайну ва Украіне і вайну на Блізкім Усходзе.
Якуб Хруст belsat.eu