навіны

Літва скасоўвае дамову з Беларуссю наконт падвойнага падаткаабкладання

Літоўскі ўрад. Фота: lrv.lt
Літоўскі ўрад. Фота: lrv.lt
podpis źródła zdjęcia

Урад Літвы 13 лістапада ўхваліў распрацаваны Міністэрствам фінансаў законапраект, што прапануе дэнансаваць дамову з Беларуссю наконт падвойнага падаткаабкладання даходаў і перадухілення фіскальных парушэнняў, падпісаную да пачатку шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і намеснік генеральнага сакратара Рады Эўропы Б'ёрн Бэрге. Фота: Рада Еўропы

У Вільні з’явіцца інфармацыйны пункт Рады Еўропы для беларусаў

навіны

«Улічваючы працяг супрацы Беларусі з Расеяй, ваенную агрэсію супраць Украіны і грубае парушэнне міжнароднага права, а таксама той факт, што Сейм ужо дэнансаваў аналагічную дамову з Расеяй, прапануецца дэнансаваць дамову з Беларуссю», – заявіла віцэ-міністарка фінансаў Рута Бількшціце.

Як вынікае са справаздачы Рады эканамічных і фінансавых пытанняў пры Еўрапейскай Радзе ў падатковых пытаннях ад 2022 года, Літва ўжо некалькі гадоў амаль не супрацоўнічае з Беларуссю і не абменьваецца інфармацыяй з падатковымі мэтамі. У справаздачы адзначаецца, што дзеянні Расеі і Беларусі аказалі асабліва негатыўны ўплыў на ўмовы супрацы з гэтымі краінамі ў галіне падаткаабкладання ў рамках шматбаковых і двухбаковых міжнародна-прававых дакументаў.

Згодна з дамовай з Беларуссю, любы з бакоў можа спыніць яе дзеянне, скіраваўшы пісьмовае паведамленне другому боку праз дыпламатычныя каналы не менш як за 6 месяцаў да заканчэння любога каляндарнага года. Напрыклад, калі адзін з бакоў паведаміць пра спыненне дзеяння дамовы да 30 чэрвеня 2025 года, яе палажэнні перастануць дзеяць з 1 студзеня 2026 года.

Таксама Сейм Літвы 13 лістапада ў другім чытанні падтрымаў законапраект аб дэнансацыі пагаднення з Беларуссю наконт супрацы ў барацьбе з парушэннямі мытнага заканадаўства. Мінфін краіны аргументаваў гэта тым, што цяпер такая супраца фактычна прыпыненая, але пагадненне абавязвае літоўскі бок прымаць дакументы ад беларускага ДМК у якасці доказаў належнага выканання мытных патрабаванняў, працэдураў і законнасці гандлю, адсутнасці парушэння санкцыяў. Пры гэтым у літоўскіх органаў няма магчымасці праверыць сапраўднасць дакументаў праз спыненне супрацы.

Нагадаем, што літоўскі ўрад 25 верасня ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты дэнансацыі пагадненняў аб мытнай супрацы Літвы з Расеяй і Беларуссю. Акрамя таго, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 16 верасня ўнёс у Сейм прапанову дэнансацыі яшчэ трох дамоваў аб эканамічнай супрацы з Беларуссю і Расеяй, падпісаных у канцы 1990-х. Літоўскія палітыкі і медыі нават крытыкавалі нізкія тэмпы дэнансацыі гэтых дамоваў, падазравалі ўплыў на прэзідэнта з боку беларускага калійнага бізнесу.

Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у адказ заявіў, што «пакуль не позна, трэба адысці ад краю прорвы і вярнуцца да канструктыўнай супрацы».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10