Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 13 лістапада сустрэўся з дзейным прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Пра дэталі сустрэчы прэзідэнт-элект расказаў медыям.
Сустрэча Доналда Трампа і Джо Байдэна прайшла ў Авальным кабінеце Белага дому. Дзейны прэзідэнт павіншаваў Трампа з перамогай на выбарах і абмеркаваў з ім транзіт улады, паабяцаўшы, што ён будзе «плаўным». Трамп паведаміў, што яны плануюць сустрэцца яшчэ раз непасрэдна перад яго інаўгурацыяй.
У тэлефонным інтэрв’ю The New York Post Трамп расказаў, што бакі абмеркавалі «два пытанні, па якіх яны разыходзіліся ў мінулым: вайну ва Украіне і вайну на Блізкім Усходзе.
«Я спытаў яго меркаванне, і ён падзяліўся ім са мной», – сказаў прэзідэнт-элект.
Паводле яго, сустрэча працягвалася доўга, і гэта была «вялікая праца з абодвух бакоў».
«У нас сапраўды была вельмі добрая сустрэча», – сказаў Трамп.
Палітык таксама паведаміў, што ён і Байдэн чакаюць новай сустрэчы непасрэдна перад ягонай інаўгурацыяй, што адбудзецца 20 студзеня 2025 года. На ёй дзейны прэзідэнт ужо паабяцаў прысутнічаць.
Якуб Хруст belsat.eu