навіны

Менскія таксоўшчыкі знайшлі «дзіру», каб працаваць без уключэння ў рэестр. Дзяржава пра гэта ведае

Таксі ў Менску
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Праз новыя правілы таксістаў у Беларусі паменела, а таксі падаражэла. Беларусы знайшлі выйсце: замаўляюць дастаўку пасылак – і «дастаўляюць» сябе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Падаражэла ўдвая, паболела кіроўцаў-мігрантаў»: рынак таксі зазнаў глабальныя змены

навіны

У адной з мабільных праграмаў выкліку таксовак ёсць опцыя дастаўкі пасылак, якую сталі выкарыстоўваць для перавозкі пасажыраў, расказала дзяржаўнае агенцтва «Менск-навіны». Гаворка, імаверна, пра «Яндэкс Таксі».


Паводле выдання, гэта выгадна абодвум бакам: дастаўка пасылак таннейшая за перавозку пасажыраў, а вазіць пасылкі можна без уключэння ў рэестр. Вазіць пасажыраў разам з пасылкамі фармальна нельга.


Адзін з таксоўшчыкаў расказаў «Менск-навіны», што так і працуе ўжо тыдзень: кліенты выклікаюць дастаўку, а карыстаюцца машынай як таксі. Ён тлумачыць: каб унесці сябе ў рэестр, трэба выдаткаваць каля тысячы рублёў на навучальныя курсы, рэгістратар і іншае. Многія кіроўцы «адсеяліся», таму цэны на таксі выраслі ў два разы, але «дастаўка пасылак» засталася са старымі цэнамі, нават калі пасылка – чалавек.


Ад 1 лістапада без уключэння ў рэестр транспартная дзейнасць і дзейнасць кіроўцаў у Беларусі лічыцца незаконнымі. Гэта датычыцца як таксі, так і тых, хто займаецца перавозкай тавараў, абслугоўваннем вяселляў і юбілеяў, аказвае рытуальныя паслугі. Выглядае, што дастаўку пасылак у гэты спіс забылі ўключыць. 


Да 31 кастрычніка ўключэнне ў рэестр было бясплатным, але пасля гэтай даты трэба заплаціць за аднаго кіроўцу Br 40, за кожны транспартны сродак – Br 80, за кожнага дыспетчара – Br 4 тыс. Таксама прадугледжаная абавязковая наяўнасць рэгістратараў у салоне аўтамабіля.


Калі ж зловяць таксіста, які працуе без рэгістрацыі ў рэестры, парушэнне будуць разглядаць як «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», а гэта пагражае нават канфіскацыяй аўта. У «Яндэкс Go» выказалі здагадку, што да 70 % кіроўцаў, якія працуюць з сэрвісам, не змогуць адпавядаць усім патрабаванням і страцяць прыбытак. У «Onetaxi» прызналі, што каля 60 % кіроўцаў не зарэгістраваліся.


Кампаніі ведаюць пра схему з дастаўкай пасылак, але «заплюшчваюць вочы», бо іначай кіроўцаў зусім не хопіць, а цэны вырастуць яшчэ больш. Дырэктар «Таксі 135» Алег Радкевіч назваў гэта несправядлівым у каментары «Менск-навіны»: маўляў, ягоная кампанія выконвае законы і адной з першых уступіла ў рэестр, а адносна тых, хто працуе незаконна, трэба прымаць жорсткія захады з боку транспартнай інспекцыі. Ды Міністэрства транспарту пакуль толькі «вядзе праверку» і не дае падрабязных каментароў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10