Мінінфарм «настойліва» патрабуе ад кнігарняў і бібліятэкаў, каб яны самі пазбавіліся ад літаратуры, якая нібыта пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі. Гэта змрочны час для прадаўцоў кніг, але вайну супраць літаратуры чыноўнікі наўрад ці выйграюць, лічаць эксперты.
Пагром кнігарняў і бібліятэк
Барацьба з «няправільнай» літаратурай у Беларусі ідзе даўно – спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папаўняецца рэгулярна. З канца кастрычніка чыноўнікі яшчэ больш актыўна публічна і непублічна ўключыліся ў працэс.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў 21 кастрычніка, што Беларусь закідваюць шкодніцкай літаратурай. Ён адзначыў, што шукае яе не толькі Мінінфарм, але і сілавікі, Беларускі Саюз пісьменнікаў і мясцовыя арганізацыі.
23 кастрычніка Мінінфарм разаслаў арганізацыям, якія прадаюць друкаваную прадукцыю, указанне – яны павінны самі знайсці і прыбраць з продажу тое, што нібыта шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта ж патрабаванне было прадубляванае 12 лістапада.
Апісанне таго, што трэба прыбраць вельмі расплывістае і адначасова ўсёабдымнае. Гэта «друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні аб палавым выхаванні дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне аб сапраўдных сямейных каштоўнасцях».
У той жа час чыноўнікі ходзяць у бібліятэкі і там камандуюць, што пакінуць, а што – прыбраць, паведамляе чытач «Белсату». Пасля праверак яны застаюцца незадаволеныя большасцю кніг і патрабуюць закупляць больш выданняў аўтарства праўладных прапагандыстаў. Кнігі, прызнаныя экстрэмісцкімі, бібліятэкарам кажуць знішчаць.
Самі сабе забараніце

Такая актыўнасць звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года і накіраваная на тое, каб выдаўцы і прадаўцы кніг перайшлі да самацэнзуры. Такое меркаванне «Белсату» выказалі адразу некалькі суразмоўцаў – палітычны аналітык, кандыдат культуралогіі Вадзім Мажэйка, выдавец Андрэй Янушкевіч і старэйшы аналітык праекту «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі.
,,«Кожнае ведамства адказвае за запужванне і рэпрэсіі ў сваім накірунку. Што Мінінфарм можа зрабіць, калі ўсе медыя забаранілі? Застаецца кніжкі чысціць», – кажа Вадзім Мажэйка.
На яго думку, паўторнае паведамленне Мінінфарму сведчыць пра тое, што чыноўнікі не могуць дацягнуцца да кожнага, хто прадае кнігі і іншую друкаваную прадукцыю.
«Калі б у Мінінфарма была магчымасць прыйсці ў кожную кніжную краму, пераканацца, што там не прадаюцца кнігі, якія па цяперашнім беларускім стандарце забароненыя, яны б гэта зрабілі. Значыць, няма магчымасці гэта кантраляваць. І гэта добра, бо беларускі Мінінфарм ужо хвалюецца не столькі пра рэальна нейкую небяспечную літаратуру, умоўна, “Майн кампф”, – працягвае Мажэйка.
«Патэнцыйна любая кніга можа трапіць пад забарону»

З’яўленне агульнага закліку, а не дакладнага спісу кніг азначае, што самацэнзура будзе найбольш шырокай, лічыць Мажэйка.
«Размытасць фармуліровак стварае сітуацыю, калі патэнцыйна любая кніга можа трапіць пад забарону. Гэта ўтварае атмасферу пэўнага ціску і застрашэння, каб сістэма дасягнула мэты без неабходнасці складаць канкрэтныя спісы», – дадае Паўлюк Быкоўскі.
На яго думку, прадаўцы будуць спрабаваць адаптавацца да зменаў.
,,«Я бачыў кнігу з кароткім зместам гісторыі Беларусі, дзе была белая пляма замест бел-чырвона-белага сцяга з подпісам, што такі сцяг быў прыняты ў 1991 годзе, то бок будуць розныя спробы пазбегнуць пакарання. У нейкім сэнсе ўвядзенне канкрэтнага спісу выглядала б больш ліберальна. Хоць і тое, і тое дрэнна», – працягвае Паўлюк Быкоўскі.
Вадзім Мажэйка лічыць, што буйныя гульцы на рынку дакладна адмовяцца ад некаторых кніг, а хтосьці працягне прадаваць тое, што цікава «з-пад палы».
З пункту гледжання чытача сёння ўсё нашмат прасцей, чым, напрыклад, у часы СССР, бо ёсць электронныя кнігі і інтэрнэт. Увогуле гэтая мера не можа быць эфектыўнай без пераходу да таталітарнага кантролю за ўсімі напрамкамі жыцця людзей, а гэтага пакуль няма, мяркуе Паўлюк Быкоўскі.

Андрэй Янушкевіч, якому прыйшлося пераехаць у Польшчу пасля арышту і візіту прапагандзістаў у яго кнігавую краму, расказвае, што ў Беларусі ГУБАЗіК яму патлумачыў, што ёсць «правільныя» і «няправільныя» кнігі.
«Можна сказаць, што гэты загад Мінінфарма сведчыць пра тое, што час “няправільных” кніг у разуменні ўладаў скончыўся. Наступаюць “радасныя савецкія часы”, калі кнігі становяцца аб’ектам цэнзуравання і ніякай свабоды ў выбары матэрыялаў для публікацыі ў выдаўцоў і ў аўтараў не застаецца. Ужо цяпер выдавецтва падумае перад тым, як штосьці выдаваць. Ходзяць чуткі, што пачаўся працэс узгаднення публікацый з органамі, якія кіруюць кніжнай сферай», – кажа выдавец.
Бягучае становішча ўладам да спадобы, таму наўрад ці з’явяцца нейкая дакладныя патрабаванні Мінінфарма, лічыць ён.
«Цалкам можа быць, што сёння кнігу чытаюць, а праз пару месяцаў яна стане непажаданай. Гэта чарговае сведчанне, што для кнігавыдавецтва наступаюць змрочныя часы», – падводзіць рысу Янушкевіч.
Арсен Рудэнка belsat.eu