Меркаваннi

Кінафестываль «Лістапад» перамагае ў намінацыі «самае аглушальнае падзенне»

Завяршэнне кінафестывалю «Лістапад»‎‎.
Завяршэнне кінафестывалю «Лістапад»‎‎. Менск, Беларусь. 8 лістапада 2024 года. Фота: minsknews.by
podpis źródła zdjęcia

Калі ў студэнцкія часы я прыйшла валанцёрыць на «Лістапад», гэта адчувалася як вялікія гонар і ўдача. Тады статуснасць кінафестывалю, што рабіла прыватная кампанія «Арт карпарэйшн», пры ўсіх «але» была неаспрэчнай і само сабой зразумелай. Ужо чатыры гады фэст ладзіць кінастудыя «Беларусьфільм» – і «Лістапад» стаў ідэальным узорам дэградацыі пад кантролем дзяржавы і яе адданых падручных.


Сярод інтэлектуальных цэнтраў Беларусі_да_2020 (культурніцкая прастора «Ок16», галерэя сучаснага мастацтва «Ў», Купалаўскі тэатр і іншыя) падзенне «Лістападу» самае аглушальнае, прынамсі, для мяне. Не шкадуючы нізкапаклонства, удыгання і бюракратыі, «Беларусьфільм» добра пашчыраваў дзеля зрынання прэстыжнай міжнароднай падзеі, акрэдытаванай Міжнароднай федэрацыяй асацыяцыяў кінапрадзюсараў FIAPF, да ўзроўню фэсціку, што ладзіць імпрэзы для вывезеных з акупаваных украінскіх тэрыторыяў дзяцей (за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выставіў Уладзіміру Пуціну ордар на арышт, такім чынам «Лістапад» залучаецца ў крымінальнае злачынства).


Калі ацэньваць паводле гамбургскага рахунку, цвярозага ад абсурдных навінаў як штодзённай нормы, што прыглушае ўражанне, сённяшні «Лістапад» – гэта суцэльны канфуз ды іспанскі сорам.


Раз – пераможцамі «Лістападу» становяцца фільмы яго арганізатара. Спецыяльны прыз журы конкурсу ігравых фільмаў гэтым разам атрымаў фільм «Чорны замак» – нядаўні рэліз «Беларусьфільму», зняты супольна з расейскімі партнёрамі расейскім рэжысёрам, з расейскімі ж акторамі ў галоўным ролях. У конкурсе дакументальных фільмаў перамагла «Краіна выратаванага велікана» – стужка нацыянальнай кінастудыі. Найлепшы ігравы фільм Нацыянальнага конкурсу – ізноў жа беларусьфільмаўскі «Ліст чакання» Аляксандра Яфрэмава, а найлепшы анімацыйны – серыя з альманаху кінастудыі «Мемарыяльныя комплексы Беларусі».


Чатыры стужкі «Беларусьфільму» былі ўзнагароджаныя міжнародным журы на фестывалі, які «Беларусьфільм» арганізоўвае. Зайздросны вынік для кінастудыі, якая, не зважаючы на відавочны канфлікт інтарэсаў, бессаромна ўдае перад big brother, што эфектыўна працуе. На фестывалі яна да таго ж актыўна ўладкоўвае свае быццам бы бізнес-справы – калі ласка, пагадненне наконт супольнай вытворчасці з «Ленфільмам», мемарандум аб узаемапаразуменні і супрацы з Пусанскім кінацэнтрам – паперкі, паперкі ды наладжванне сувязяў з усімі магчымымі пасламі і кіраўнікамі студыяў. Спадзяюся, гэта будзе мець большае, чым загалоўкі на БелТА, значэнне.


Завяршэнне кінафестывалю «Лістапад»‎‎. Менск, Беларусь. 8 лістапада 2024 года. Фота: Новости Минска MINSKNEWS.BY / Telegram
Завяршэнне кінафестывалю «Лістапад»‎‎. Менск, Беларусь. 8 лістапада 2024 года. Фота: Новости Минска MINSKNEWS.BY / Telegram

Два – гасцямі «Лістападу» робяцца неруканыя ў цывілізаваным свеце асобы, што адкрыта падтрымліваюць, як яны гэта называюць, спецаперацыю ва Украіне. Рэжысёрка «Гардэмарынаў» Святлана Дружыніна: «Пачаць вайну супраць Расіі – значыць быць проста непісьменным чалавекам. Я люблю гісторыю, я ў ёй працую і я ў ёй жыву. І я проста разумею, што мы непераможныя». На «Лістападзе» яна мела творчую сустрэчу і падзялілася, што прыязджае ў Беларусь як у родны дом – барані, Божа!


Супраць дырэктара кінастудыі «Мосфильм», пуцініста Карэна Шахназарава ва Украіне заведзеная крымінальная справа за падтрыманне і апраўданне вайны Расеі супраць Украіны – на сёлетнім «Лістападзе» ў Менску ён правёў творчую сустрэчу і паказаў ажно некалькі сваіх фільмаў. У ток-шоу Уладзіміра Салаўёва на канале «Россия 1» адыёзны рэжысёр, напрыклад, казаў наступнае: «Супрацьнікі літары Z павінны разумець, што, калі яны спадзяюцца, што іх пашкадуюць, – не, іх не пашкадуюць. Усё ўжо сур’ёзна: канцлагеры, перавыхаванне, так бы мовіць, стэрылізацыя. Усё гэта вельмі сур'ёзна».


Мікалай Бурляеў чакае, калі Украіна стане «адзіным народам» з Расеяй і Беларуссю. На кінафоруме, прабачце, «Zолотой Vитязь» у акупаваным Севастопалі ён казаў: «Згодна з промыслам Божым пачата гэтая хірургічная аперацыя па выдаленні ракавай пухліны нацызму. Мы стаім на парозе новай Расіі, адзінай святой Русі». На менскім «Лістападзе» яго сардэчна вітаюць і запрашаюць паказваць сваё кіно, летась нават далі гран-пры ў конкурсе дакументальнага кіно.


Тры – праз сваю падпарадкаванасць рэжымным шорам «Лістапад» робіць абмежаваную, прадыктаваную шматлікімі ідэалагічнымі патрабаваннямі селекцыю фільмаў. Цяперашні фэст адзіна добры тым, што дасканала дэманструе вонкавую палітыку дзяржавы і адбівае падборку дыктатураў свету. Лідары сярод пераможцаў «Лістападу», вядома ж, фільмы з Расеі, Кітаю, Турцыі, дапускаюцца Індыя ці Бразілія, дзесьці там пралезе стужка краіны ЕЗ дзеля парадку.


Выбіраць еўрапейцаў журы асабліва не мае з чаго: геаграфічная выбарка фестывалю, апроч ужо названых краінаў, – гэта Зімбабвэ (нават асобны дзень нацыянальнага кіно Зімбабвэ арганізавалі, недарэмна Лукашэнку там сустракалі танцамі-спевамі), Пакістан, Бразілія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Грузія, Манголія, з краінаў Еўропы – лічаныя фільмы. Гендырэктар кінастудыі Юрый Аляксей адкрыта кажа, што «Лістапад» – гэта БРЫКС у сферы кіно, толькі Беларусь у БРЫКС дагэтуль не прынялі, як бы рэжым да гэтага ні імкнуўся.


Сёлетні «Лістапад» праходзіў пад дэвізам «Кіно са знакам якасці», а гэта, вядома, знатнае крывадушша. Якасць, як выглядае, на кінафестывалі больш не галоўны крытэр. Галоўнае – каб фільмы паходзілі з не варожых палітычна краінаў і ў змесце каб нідзе нічога ніякага. Што «Беларусьфільм» пакінуў ад свята кіно, якога ў Беларусі_да_2020 варта было чакаць цэлы год? Толькі назву, адзіна назву.


Ірэна Кацяловіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10