Дэталі здарэння невядомыя, але Анджэй Дуда пэўны час хадзіў з павязкай на пальцы, а на свежых фота бачна, што ён не мае кавалка сярэдняга пальца на правай руцэ.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ад пачатку кастрычніка стаў насіць павязку на пальцах правай рукі. У час адзначэння Дня незалежнасці Польшчы 11 лістапада ён з’явіўся без павязкі – і палякі заўважылі, што прэзідэнт не мае паўфалангі сярэдняга пальца.
Што менавіта здарылася, невядома. Дзяржаўны сакратар Канцалярыі прэзідэнта Войцех Калярскі раней казаў, што было «дробнае здарэнне» ў «непрацоўны час». Выданне «Interia» са спасылкай на ананімную крыніцу ў коле прэзідэнта паведаміла, што гэта адбылося падчас хатніх працаў. Артапед растлумачыў выданню «Plotek», што такое можа адбыцца ад парэзу нажом: імаверна, частку пальца з пазногцем не ўдалося ўратаваць і сшыць.
Нягледзячы на траўму, Дуда не спыняў працы і працягваў замежныя візіты. Цяпер ён бярэ ўдзел у кліматычным саміце ў Баку. Як паведамляў «Polsat», на супольным фота ўдзельнікаў саміту яго не было, бо ён адмовіўся фатаграфавацца побач з Аляксандрам Лукашэнкам. Той, падобна, пакрыўдзіўся: ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, расказаў, што падчас прамовы Дуды Лукашэнка вырашыў паразмаўляць з прэзідэнтам Гвінеі-Бісаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu