Прэтэндэнтам на аўстрыйскі пашпарт замежніка трэба даказаць небяспеку паездкі ў Беларусь па новы пашпарт, але працэдура не прадугледжвае глыбокага правярання.
Народная амбасада Беларусі ў Аўстрыі паведаміла пра выдачу першым дваім беларусам, мужчыну і жанчыне, аўстрыйскіх пашпартоў замежніка (Fremdenpass).
«Раней такая практыка ў адносінах беларусаў і беларусак не выкарыстоўвалася, – расказвае Народная амбасада. – Таму што была магчымасць звярнуцца ў амбасаду і атрымаць новы пашпарт (што стала немагчымым пасля ўказу, які спыніў аказанне консульскіх паслуг для беларусаў замежжа), або ў рэдкіх выпадках праверанага пераследу беларусы атрымлівалі статус уцекачоў. Аднак, як падкрэсліў суддзя, хадайніцтва аб міжнароднай абароне ёсць правам кожнага грамадзяніна, а не неабходнай ўмовай, каб даказаць небяспеку вяртання ў краіну паходжання».
Каб атрымаць аўстрыйскі пашпарт замежніка, у кожным індывідуальным выпадку яшчэ трэба даказаць небяспеку паездкі ў Беларусь па новы пашпарт. Але, як піша Народная амбасада, працэдура падачы на пашпарт іншаземца не прадугледжвае глыбокага правярання. У першай інстанцыі могуць адмовіць, але Народная амбасада гатовая аказаць кансультацыйную дапамогу.
Раней стала вядома, што Швецыя ўпершыню выдала пашпарт замежніка грамадзяніну Беларусі.
Падрабязная інструкцыя для атрыманні пашпарту замежніка ў Аўстрыі ёсць тут. Інструкцыі для мноства іншых краінаў ёсць на сайце Pashpart.org, які народныя амбасады зрабілі разам з Офісам Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам.
Дэмакратычныя сілы з 2023 года анансуюць «Пашпарт Новай Беларусі». Праект застапарыўся, але, як казаў «Белсату» чалавек, знаёмы з працэсам, ад праекту не адмовіліся, ды не хочуць каментаваць яго, пакуль не будзе вынікаў, якія можна «патрымаць у руках».
Алесь Наваборскі belsat.eu