Меркаваннi

Настрой палепшыўся

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі назіраюць за парадам з нагоды Дня Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 3 ліпеня 2017 года
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі назіраюць за парадам з нагоды Дня Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 3 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Добры ў нас народ, аптымістычны. Нічым яго не зломіш. Вось і апошнія замеры, грамадскіх эканамічных настрояў, зробленыя цэнтрам BEROC, толькі пацвярджаюць гэты тэзіс.

Паляпшэння эканамічнай сітуацыі налета чакаюць 27% апытаных, 24% мяркуюць, што ўсё будзе сяк-так, гэта значыць будзе як ёсць, дый добра. 29% на пытанне пра будучыню адказалі: «Не трэба тут тэлефанаваць». Не ў такіх, магчыма, выразах, але не змаглі вызначыцца з тым, што ж яны самі чакаюць ад 2025 года.

А вось песімістаў прыкметна паменела, і калі летам пра тое, што эканоміка будзе падаць, казалі 27%, дык цяпер такіх толькі 20%. Увогуле, аптымізм зашкальвае.

І не сказаць, каб статыстыка давала для гэтага падставы. Разважце самі. За верасень (поўныя звесткі мы бачым толькі цяпер) у знешнегандлёвым балансе краіны, з улікам тавараў і паслуг, раптам выявілася дзірачка памерам у $350 млн. Пры гэтым становішча пагаршаецца тым, што па выніках жніўня, нібыта ж былі ў плюсе, і на добрых 190 млн. Гэта што ж выходзіць, за адзін месяц выкалупалі дзірку ў 540 млн?

Механіка гэтага калупання зразумелая. Калі ты разганяеш эканоміку ў першую чаргу шляхам росту заробкаў, не павялічваючы пры гэтым (прапарцыйна) вытворчасці, ды яшчэ ўліваеш на ўнутраны рынак мноства крэдытаў, ды пры гэтым яшчэ й стрымліваеш цэны, дык нічога іншага і нельга чакаць, акрамя рэзкага росту попыту на імпарт. 2+2 = ўсё яшчэ 4, ніяк не 3 і не 5.

Адсюль і дзірка, нічога звышнатуральнага, усё па падручніку, па «Эканомікс» (або «Матэматыцы» за першы клас). І, вядома, гэта не можа не ціснуць на курс долара, і паўзе ён меланхалічным пакуль слімаком, але выключна ў адным кірунку.

Ці заўважае гэта насельніцтва? Папярэдні досвед у нас, вядома, іншы, нас рухам па 3 капейкі ў тыдзень не запалохаеш, не на тых напалі. Ну, тады можа сярэдні заробак мог бы пасеяць нейкія сумневы? Бо статыстычнае ведамства нас сумленна, з усёй шчырасцю інфармуе (а калі і хлусіць часам, дык аднастайна, паводле навуковай метадалогіі). І вось яно, гэтае ведамства, не стала ўтойваць, што гэтая самая сярэдння ў ліпені была 2355 рублёў, у жніўні прысела да 2341 рубля, у верасні наогул апусцілася кудысьці бліжэй падлогі і нешта там на ёй разглядае – 2314 рублёў. Агулам, мінус 41 рубель за 2 месяцы. Здавалася б, варта было насельніцтву насцярожыцца?

Аднак, дзе статыстыка, а дзе рэальнае жыццё нармальных людзей. Ну, як мінімум у 51% (27+24). І, калі такія зразумелыя і блізкія паказчыкі ні на што ні намякаюць грамадзянам, дык відавочная столь па росце цэнаў на жыллё і пагатоў выслізгвае ад увагі.

Да чаго я гэта ўсё? Беларуская эканоміка тармозіць, астывае, пачынаючы са жніўня. Тармажэнне не з'яўляецца сюрпрызам, пра яго папярэджвалі як незалежныя ад дзяржавы эканамісты цэнтра BEROC, так і цалкам праўладныя, лаяльныя, але прафесійныя эксперты, што заселі ў Нацбанку і Інстытуце эканомікі НАН Беларусі.

,,

У гэтым няма нічога нечаканага, як няма сёння і крызісных чаканняў фармату пачатку 1990-х ці 2011 года. Няма для такіх тарнада нейкіх паважных унутраных перадумоваў.


На эканамічны рост, запланаваны на 2025 год «бадзёрым Раманам», нашым прэм'ерам Галоўчанкам, у памеры 4,1% разлічваць, безумоўна, не прыходзіцца. Аднак свае 1–1,5% эканоміка ў наступным годзе павінна даць, калі, вядома, нейкае «ідэальнае тарнада» не накрые ваюючую Расею, да чаго ёсць некаторыя перадумовы.

Бянтэжыць мяне тут іншае. Апытанае насельніцтва, натрэніраванае добрым 30-годдзем рэгулярных крызісаў, стан «каля нуля» ўжо ўспрымае як вялікі поспех улады, і пад аптымістычным варыянтам развіцця падзей мае на ўвазе менавіта гэты «нуль» – маўляў, а чаго ж яшчэ чакаць, калі навокал «такое»?

Калі грамадзяне Беларусі ледзь адыдуць ад пастаянных шокаў, адвыкнуць ад таго, што іх рабуюць (шляхам крызісаў, дэвальвацыяў і гэтак далей) раз на пяць гадоў? Калі яны пачнуць успрымаць як норму рост мінімум у 3%, А пад аптымізмам мець на ўвазе нешта іншае?

Пра гэта ў чарговым апытанні BEROC нічога не паведамляецца.

belsat.eu / ЮК

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10