Рада Еўропы і ўрад Літоўскай Рэспублікі падпісалі пагадненне наконт стварэння Інфармацыйнага пункту Рады Еўропы для беларускага народу ў Вільні.
Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Бэрсэ заявіў, што стварэнне такога пункту – важны ўнёсак ў падтрыманне Еўропай беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.
,,«Інфармацыйны пункт будзе не толькі даваць інфармацыю пра Раду Еўропы і яе працу. Гэта знак надзеі для ўсіх, хто змагаецца за дэмакратычныя каштоўнасці», – сказаў Бэрсэ.
Стварэнне новай установы для беларусаў прывітаў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбэргіс:
«Я перакананы, што Інфармацыйны пункт для беларускага народу ў Вільні адыграе ключавую ролю ў падвышэнні дасведчанасці і ўмацаванні патэнцыялу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону для пабудовы будучай дэмакратычнай і росквітнай Беларусі».
Кантактная група Рады Еўропы дзеля супрацы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, створаная намеснікамі міністраў у верасні 2022 года, рэгулярна сустракаецца, каб Рада Еўропы давала падтрыманне і экспертныя веды для ўмацавання беларускага дэмакратычнага грамадства ў адпаведнасці з асноўнымі каштоўнасцямі арганізацыі і яе дзейнасцю ў прасоўванні правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратыі.
Інфармацыйны пункт будзе даваць народу Беларусі інфармацыю, датычную працы, а таксама каштоўнасцяў і прынцыпаў Рады Еўропы, і падтрымліваць дзейнасць, што ажыццяўляецца ў Літве ў адпаведнасці з планам дзеянняў, узгодненым Кантактнай групай.
Адкрыццё інфармацыйнага пункту – адзін з прыярытэтаў старшынявання Літвы ў Камітэце міністраў. Пагадненне было падпісанае 13 лістапада намеснікам генеральнага сакратара Рады Еўропы Б'ёрнам Бэрге і міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбэргісам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu