12 лістапада стала вядома пра першы выпадак выдачы пашпарта замежніка ў Швецыі грамадзяніну Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал «Народныя амбасады Беларусі».
У сакавіку 2024 года Міграцыйнае ведамства Швецыі абвясціла, што беларусам, якія афіцыйна пражываюць у Швецыі і баяцца за сваю бяспеку на радзіме, не варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакументаў. Замест гэтага Швецыя гатовая выдаваць так званыя пашпарты замежнікаў тым, хто мае права жыць у краіне.
І хаця прававая пазіцыя краіны ўступіла ў моц яшчэ ўвесну 2024 года, пра першы выдадзены пашпарт замежніка стала вядома толькі 12 лістапада. Народная амбасада Беларусі ў Швецыі спадзяецца, што гэты выпадак будзе першы ў шэрагу паспяховых прыкладаў, якія пацвердзяць эфектыўнасць новай сістэмы.
Народныя амбасады сцвярджаюць, што выдача пашпарту замежніка беларусу ў Швецыі – вынік перамоваў, якія яны вялі з уладамі розных краінаў пасля таго, як у верасні 2023-га Лукашэнка забараніў наданне консульскіх паслуг для беларусаў, якія жывуць за мяжою.
,,«Гэтае рашэнне паставіла тысячы беларусаў і беларусак у вельмі складанае становішча: каб падоўжыць свае дакументы, ім заставаўся толькі адзін шлях – вярнуцца ў Беларусь. Аднак там ім пагражалі рэпрэсіі, праверкі сацыяльных сетак і рызыка крымінальнага пераследу. <…> У адказ на гэтыя абставіны Народныя амбасады Беларусі распачалі перамовы з уладамі іншых краінаў, каб абараніць беларусаў і беларусак, якія апынуліся ў гэтай уразлівай сітуацыі. У шэрагу краінаў удалося дамагчыся канкрэтных рашэнняў. Адна з такіх краінаў – Швецыя», – гаворыцца ў паведамленні Народных амбасадаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu